«Вурдалакі» у кіно: прэм'ера беларускага хорара


Мы трапілі на прадпрэм’еру «Вурдалакаў» – фільму, што апавядае пра маладых людзей, якія апынуліся на запаведным возеры і абудзілі старажытнае зло. Фільм пазіцыянуецца як першы беларускі слэшар. Гэта паджанр фільмаў жахаў, у якім памірае далёка не адзін чалавек.

Працы над фільмам працягваліся больш за 2 гады. Андрэй Курэйчык, прадзюсар і сцэнарыст стужкі, распавёў нам, што хорар аказаўся адной з самых цяжкіх карцінаў для незалежнай кінавытворчасці:

«Гэта не проста страшнае кіно, гэта яшчэ і вельмі тэхналагічнае кіно. Мы цэлы год аддалі толькі на постпрадакшн, на графіку. Да гэтага быў вельмі цяжкі грым».

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Стваральнікі «Вурдалакаў» называюць яго крокам да паўстання моцнай беларускай кінаіндустрыі. Маўляў, беларускае кіно дагэтуль толькі пачынае сваё развіццё і станаўленне. Віктар Лабковіч, прадзюсар:

«У нас няма індустрыі. Індустрыю трэба развіваць, тады ў нас з’явяцца свае зоркі, як і ў Расеі, Польшчы, Літве і Украіне. Тады ўсё ў нас з’явіцца. Мы 20 гадоў здымалі для іншай краіны. У нас няма сваіх лакальных гісторыяў».

Тым не менш, незалежнае беларускае кіно паўстае. Гэтак, на кінафестывалі «Лістапад» адбылася прэм’ера фільму «ІІ» Улады Сяньковай, які паспеў з’ездзіць і на Варшаўскі кінафестываль.

«Незалежнае беларускае кіно, сваё кіно, не мела расткоў. Вельмі шмат цяпер з’яўляецца страшэнна таленавітай моладзі, якая хоча здымаць кіно, якая да гэтага імкнецца і вучыцца. Ездзіць у Еўропу на майстар-класы. Яны атрымліваюць пэўныя базавыя веды, якіх у нашай краіне яны, відавочна, не атрымалі», – распавядае рэжысёр Сяргей Талыбаў.

Між іншым, у снежні беларусы змогуць пабачыць фільм «Купала» – прадукцыю «Беларусьфільму». Андрэй Курэйчык выказваўся, што ўпершыню студыя карысна выкарыстоўвае грошы падаткаплатнікаў, але агулам працай «Беларусьфільму» ён не задаволены:

«Гэта нерэфармаваная студыя. Гэта студыя савецкага ўзору, якая існуе тады, калі Савецкага Саюзу ўжо няма ў прыродзе. Усе студыі такога тыпу і ў Маскве, і ў Пецярбурзе, і ў Балтыі, Грузіі, паўсюль, яны даўно рэфармаваныя. Наша адзіная застаецца роўна ў тым выглядзе, у якім яна была ў 70-я гады».

Ужо заўтра беларусы змогуць пабачыць «Вурдалакаў» у кінатэатрах. «ІІ» і «Купала» выйдуць на экраны ў снежні.

Дзіяна Раткевіч belsat.eu