ВУП выйшаў з-пад кантролю ўраду


Тысячы рублёў сягнуў і нават перакрочыў медыянны заробак у траціны беларусаў – сведчаць падлікі Нацыянальнага статыстычнага камітэту. Заробкі растуць пры тым, што прадукцыйнасць працы змяншаецца. Эканамічны прагноз за мінулы год не быў выкананы. З чым звязаны нізкі рост эканомікі летась і чаго чакаць у гэтым годзе?

Двойчы за год Белстат падлічвае медыянны заробак беларусаў. Напрыканцы 2019-га гэтая сума амаль дасягнула 850 рублёў. У сярэднім па краіне гэта на 265 рублёў менш як разлічаны за гэты ж перыяд сярэдні заробак.

«Дырэктар зарабляе тысячу рублёў, бухгалтар зарабляе 500 рублёў, а прыбіральшчыца зарабляе 300 рублёў. Пры медыянным заробку гэта будзе 500 рублёў, а калі браць сярэдні, то гэта складаецца 300, 500 і 1000, дзеліцца на 3 і атрымліваецца сярэдні заробак. Медыянны заробак больш адпавядае таму крытэру, як жыве сярэдні чалавек», – кажа намеснік старшыні Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Сяргей Антусевіч.

Найбольшыя паказнікі медыяннага заробку – у горназдабыўчай ды вытворчасці нафтавых і хімічных прадуктаў, у галіне інфармацыйных тэхналогіяў, фінансавай і страхавой дзейнасці. Найменшыя лічбы фігуруюць у сферы адукацыі, спорту, аховы здароўя і сацыяльных паслуг.

Прырост ВУП летась склаў 1,2 адсотка замест 2,9 %, прагназаваных Міністэрствам фінансаў, і ажно 4 %, якіх патрабаваў Лукашэнка. Між тым айчынная эканоміка расла б яшчэ павольней, калі б не рост даходаў насельніцтва, кажа эканаміст Леанід Заіка:

«Гэта крыху прастымулявала. Гэта ўвогуле такое бруднае павелічэнне, яно эканамічна неэфектыўнае. Але калі б яго не было, то падзенне было б чатыры, пяць і больш адсоткаў».

Летась некаторыя рэгіёны зазналі рэцэсію – спад вытворчасці. Найгорш сітуацыя выглядае на Гарадзеншчыне, а таксама ў Гомельскай і Віцебскай вобласцях. Яшчэ адна прычына – спад экспарту, кажа Леанід Заіка:

«Вельмі дрэнна справы з экспартам-імпартам у гэтых двух рэгіёнах – па мільярдзе, там, дзе нафта ў нас перапрацоўваецца, Менск даў адмоўны гандлёвы баланс – 4 мільярды».

Наперадзе гэтаксама няпросты час. Налета ўрад палепшыў эканамічны паказнік на загад Лукашэнкі з 2,5 да 2,8 адсотка. Аднак, паводле прагнозаў МВФ, за 2020 год ВУП вырасце толькі на 0,3 адсотка.

Юлія Лабанава belsat.eu