Вучоба ў ВНУ пасля каледжу і працяг адукацыі ў магістратуры без службы ў войску будуць немагчымыя


Адтэрміноўку па вучобе дадуць толькі адзін раз. Працаваць на дзяржаўнай службе змогуць тыя, хто прайшоў армію. Улады па-свойму вырашылі пераадолець недабор прызыўнікоў. Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая апублікавала ўрадавы законапраект. Ці дапамогуць новыя меры павысіць боездатнасць беларускага войска?

Сітуацыю з недаборам прызыўнікоў плануюць выправіць. Заўтра Палата прадстаўнікоў будзе галасаваць наконт адпаведных зменаў у заканадаўства.

«Самае элементарнае, што ім прыйшло ў галаву, гэта проста пагалоўна пазбавіць людзей магчымасці навучацца, магчымасці працаўладкоўвацца, магчымасці ўладкоўваць сваё жыццё», – каментуе дэпутатка Палаты Прадстаўнікоў Ганна Канапацкая.

Адтэрмінаванне ад службы з прычыны вучобы можна будзе ўзяць толькі адзін раз. Пайсці ва ўніверсітэт пасля каледжу ці вучылішча або працягнуць адукацыю ў магістратуры без перапынку на службу ў войску будзе немагчыма.

Тое, што прызыўнік не атрымаў позвы, – больш не аргумент. Калі не з’явіцца ў ваенкамат на тэрміновую службу ці на зборы, будзе лічыцца, што ўхіліўся. Выезд за мяжу для такіх асобаў будзе забаронены.

«Палова мужыкоў не ведае, што такое зброя», – абураўся Аляксандр Лукашэнка (26.02.2019).

Законапраект падрыхтаваны ўрадам, але на даручэнне кіраўніка краіны, які заяўляў, што адтэрмінаванняў у нас больш, чым у любой дзяржаве:

«Як мне дакладваюць, 80 адсоткаў адтэрміновак ад службы ў войску даюць для працягу адукацыі ў ВНУ» (26.02.2019).

Сёння на сайце petitions.by з’явіўся зварот да Палаты прадстаўнікоў, у якім падкрэсліваецца, што прапанаваныя змены супярэчаць Канстытуцыі. Асноўны закон вызначае прыярытэт развіцця адукацыі ў дзяржаўнай палітыцы. За дзень зварот падпісалі больш за 7 тысячаў чалавек. Сярод апытаных намі менскіх студэнтаў таксама няма тых, хто цешыўся б планаваным зменам:

«Для мяне гэта нязручна, так як я хацеў ісці ў магістратуру».

«Страта часу. Цяпер армія не тая ўжо».

«Гэта ўдарыць па рэпутацыі нашай арміі, але ніяк не выправіць сітуацыі з папраўленнем прызыву».

«Я спадзяюся, што я паступлю нармальна, і ўжо буду непрыдатны для войска да таго часу».

«Дзедаўшчына як-ніяк ёсць. А па-другое, ты ўжо ў арміі пабываў – ты ўжо ўсё забыў, пісаць ЦТ ты не можаш».

Сярод нестудэнтаў меркаванні не такія ўжо адназначныя:

«Хлопец не будзе плакацца ў камізэльку маме, ён стане сапраўдным мужчынам. Ёсць такое!»

«Маладзён мае гэтага захацець, а каб ён хацеў, трэба, напэўна, зрабіць умовы».

«Я ў адміністрацыі працую ўніверсітэту, таму не магу каментаваць рашэнні вышэйшага кіраўніцтва».

«Мы за мір ва ўсім свеце, лепш наагул не служыць».

Таксама законапраект прапаноўвае не дапускаць на дзяржаўную службу тых, хто без важнае прычыны не служыў у войску.

Сярод ведамстваў, куды не будуць браць тых, хто не прайшоў праз войска, Следчы камітэт, Міністэрства ўнутраных справаў, Міністэрства надзвычайных сітуацыяў, органы фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржкантролю, Дзяржкамітэт судовых экспертызаў. Дзіўным чынам у гэтым пераліку не знайшлося месца для адной установы – КДБ.

Паводле вайсковага аглядальніка Аляксандра Алесіна, для баяздольнасці войска вельмі важная не толькі колькасць прызыўнікоў, але таксама і патрыятычная ідэалогія. Войска добра ваюе, калі яно разумее, навошта. Павага да гісторыі ды культуры, адказнасць за будучыню Айчыны – усё гэта змарнавана за апошнія 25 гадоў:

«І выправіць сітуацыю можна толькі тады, калі гэтую сістэму запусціць, і каб яна адпрацавала, каб дала першае новае пакаленне. То бок, яшчэ праз 25 гадоў».

Ганна Канапацкая ж акцэнтуе ўвагу на іміджы войска:

«Што мы бачым сёння? Фарбуюць траву? Маршыруюць на парадах? Гэта не функцыя арміі».

Ёсць і больш сурʼёзная праблема: як заахвоціць ісці служыць у войска, дзе жаўнераў перыядычна знаходзяць мёртвымі пры дзіўных акалічнасцях? Заўтра дэпутатка збіраецца задаць гэтае пытанне міністру абароны Андрэю Раўкову.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu

 

Fotograf: Reuters Photographer