Вучні на Берасцейшчыне змагаюцца за права на школу


Дзяцей адзінай у вёсцы Прылукі школы на вакацыі праводзілі сумнай навіной – ад верасня вучняў усіх старэйшых класаў, пачынаючы з пятага, пераводзяць у суседнюю школу ў Страдзічах. Гэтыя змены абурылі і школьнікаў, і бацькоў.

«Я працую ў Берасці, па зменах па 12 гадзін, калі нешта з маім дзіцёнкам здарыцца, я сарвацца і прыехаць па дзіцё ў Страдзічы не змагу», – тлумачыць Святлана.

Вёска Прылукі пры гэтым паміраючай зусім не выглядае, хутчэй наадварот – літаральна нядаўна сюды правялі газ, будуюцца дамы і новыя вуліцы, ды і знаходзіцца яна ўсяго ў дзесяці кіламетрах ад Берасця.

«Гэту школу трэба наадварот – павялічваць, таму што шмат дачнікаў побач і перапоўненыя школы, у суседніх вёсках дзецям няма куды ісці, таму трэба дабудоўваць, сюды людзі будуць ісці, дзяцей будуць вадзіць», – даводзіць мясцовая жыхарка Таццяна.

Чыноўнікі сыходзяць ад адказу

У мясцовым райвыканкаме ж паведамілі, што адзін з двух будынкаў прылуцкай школы ўжо даўно патрабуе рамонту – таму младшакласнікі будуць займацца ў адрамантаваным будынку, а стары, 1946-га года, зачыняць. Праўда пра тое, ці змогуць старшакласнікі вярнуцца ў сваю школу пасля рамонту, чыноўнікі не кажуць.

Вяскоўцы змагацца за сваю школу вырашылі да апошняга – зварот аб захаванні класаў падпісалі 306 чалавек, дапамагчы жыхарам вёскі ўзяліся прадстаўнікі БСДП (Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада)).

«Улады называюць гэта рэарганізацыяй, але гэта звычайнае скарачэнне, бо лічаць што зэканомяць такім чынам. Мы лічым, што эканоміць на адукацыі нельга, можна знайсці дзясяткі іншых артыкулаў, на якія можна гэта зрабіць», – упэўнены Ігар Маслоўскі, чалец партыі.

Звароты мясцовыя накіравалі ў раённы Савет дэпутатаў, Берасцейскі аблвыканкам і Міністэрства адукацыі, але афіцыйнага адказу пакуль не атрымалі.

Настасся Храловіч, «Белсат»