Вучэнні «Захад-2017»: за кожным крокам расейцаў будуць сачыць


Супольныя расейска-беларускія вучэнні «Захад-2017» пачнуцца 14 верасня. На іх запрошаныя міжнародныя прадстаўнікі. А кампанія «Гавары праўду» ініцыюе ўласнае грамадскае назіранне.

«Для таго, каб грамадскасць атрымала сапраўдную інфармацыю, што там адбываецца, для таго, каб на гэтай тэме не будавалі тэорый, якія могуць сапраўды нашкодзіць бяспецы Беларусі і быць выкарыстаныя супраць бяспекі Беларусі», – зазначыў Андрэй Дзмітрыеў з «Гавары праўду».

Склад грамадскай камісіі пададзены ў Міністэрства абароны

У спісе, сярод іншых, вайсковы эксперт Аляксандр Алесін, афіцэр і былы карэспандэнт газеты Мінабароны «Во славу родины» Сяргей Вазняк, кіраўнік аналітычнага праекту «Belarus Security Blog» Андрэй Паротнікаў, аўтар кніг пра памежную службу Леанід Спаткай.

Раней грамадскую кампанію назірання за вучэннямі прапанаваў блогер выдання «1863х.com» Эдуард Пальчыс. Ён заклікаў усіх ахвотных дасылаць відэа, фота і інфармацыю пад гэштэгам # Zapad2017 # Запад2017 # Захад 2017 на пошту 1863ххххх@gmail.com, Telegram або сацыяльныя сеткі. Ананімнасць гарантаваная. Андрэй Дзмітрыеў анансуе свой удзел і ў гэтай ініцыятыве.

«Ён як бы гуляецца ў палітыка. Усе палітыкі, як той казаў модным словам, хайпят на гарачых тэмах. Вось ён гэта і адпрацоўвае. Чым больш назіральнікаў, тым лепш, лепш, чым маўчанне і абыякавасць. Добра, што ў яго ваенныя эксперты. Больш ці менш, людзі, якія павінны разбірацца ў гэтай тэме больш, чым усе журналісты. І, спадзяюся, яны там адпрацуюць добра сваю справу», – мяркуе Пальчыс.

Беларуская дэмакратычная грамадскасць кажа аб пагрозе незалежнасці

Эксперты і актывісты спасылаюцца на акупацыю Крыму і вайну на ўсходзе Украіны, хоць самі вучэнні планавыя.

«Прасцей на эканамічным павадку трымаць Беларусь, прасцей, чым захапіць. Гэта атрымаць чарговы міжнародны скандал. Гэта страціць давер з боку былых краін Савецкага Саюзу. І ніякай Евраазійскі праект ужо немагчымы, таму што аднойчы схлусіўшы, хто табе паверыць. Яны ад Украіны ніяк не могуць ачысціцца», – пастанавіў супакоіць Аляксандр Алесін.

За надыходзячымі вучэннямі ў краінах НАТО сочаць уважліва

Ужо паслязаўтра ў варшаўскім прэзідэнцкім палацы Бельведэр, сустракаюцца прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і генеральны сакратар НАТО Енс Стольтэнбэрг. Пытанне расейска-беларускіх вучэнняў вынесенае на абмеркаванне як адное з асноўных.

У Вільні сёння прайшла канферэнцыя ў рэгіянальнай бяспекі

Самі вучэнні «Захад-2017» не вынесеныя асобным пунктам абмеркавання, але не застаюцца па-за ўвагаю.

«Мы не павінныя хвалявацца з гэтай нагоды, бо ў нас ёсць еўрапейскія і натаўскія войскі на прымежных рубяжах, у Польшчы. І гэта ясны сігнал, што агрэсія з боку Расеі ў адносінах да гэтых краінаў сутыкнецца з рашучаю рэакцыяй НАТО», – упэўнены дэпутат Еўрапарламенту Эльмар Брок.

З асаблівым непакоем за вучэннямі назіраюць у Кіеве

Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксандр Турчынаў кажа пра рыхтаванне «вялікай вайны» з Захадам.

Афіцыйны Менск спасылаецца на заканадаўства. У спісе назіральнікаў за вучэннямі, у асобе міжнародных арганізацыяў: ААН, АБСЕ, НАТО, АДКБ, СНД, МКЧК. Аб грамадскім назіранні ў Мінабароны Беларусі пакуль няма гаворкі.

Сяргей Падсасонны, «Белсат», фота: Murad Sezer / Reuters / Forum