Аб'ектыў 06.09.2017 Вучэнні «Захад-2017». Якую праўду хавае Мінабароны ад беларусаў?


Упэўніцца, што вучэнні – выключна абарончыя і незалежнасці Беларусі нічога не пагражае. Гэтага праз грамадзянскія назіранні хацеў дамагчыся сустаршыня кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў. Але арганізаваную ім камісію на манеўры не пусцяць, пастанавіла Міністэрства абароны.

У спісе грамадскіх назіральнікаў, які Дзмітрыеў у жніўні скіраваў у ведамства, былі сем асобаў: як палітыкі, гэтак і вайсковыя адмыслоўцы. Сярод іх– эксперт Аляксандр Алесін.

«Генерал Белаконеў успрыняў гэта, як жаданне грамадскасці яго кантраляваць. Мы не сумняемся ў яго вайсковых талентах, кваліфікацыі. Але меркаванне грамадскасці было б важным для грамадзянаў заходніх краінаў, для нашых суседзяў», – тлумачыць вайсковы адмысловец.

Паводле афіцыйнага Менску, суседзі і самі паглядзяць

«Мы запрасілі ўсіх ахвотных амаль, няхай прыязджаюць і глядзяць», – казаў Лукашэнка. Агулам прыедуць каля 80 чалавек: з НАТО, ААН, АДКБ, СНД, Чырвонага Крыжа, а таксама прадстаўнікі вайсковых ведамстваў сямі краінаў Еўропы. Ды 150 прадстаўнікоў медыяў. Агульныя лічбы прыгожыя, але ад Паўночна-атлантычнага альянсу ў Беларусь дапушчаныя ўсяго два назіральнікі ды выключна ў гэтак званыя дні наведванняў.

«Ім пакажуць толькі тое, што захоча паказаць бок, які ладзіць вучэнні. Іх прывязуць туды, куды трэба, пакажуць тое, што трэба. Нягледзячы на тое, што яны фармальна могуць быць адкрытымі, ім могуць самага важнага не паказаць», – папярэджвае Алесін.

Арганізатары заявілі пра ўдзел у вучэннях 13-і тысяч вайскоўцаў

А таксама 40 адзінак лётнай тэхнікі, 140-а танкаў, 150-і мінамётаў і рэактыўных сістэмаў залпавага агню і 10 караблёў. Фармальна, паводле венскага дакументу 2011 года, пры такіх маштабах паўнавартасныя назіранні – а гэта і размовы з жаўнерамі, і аблёты тэрыторыі з паветра – не абавязковыя. Але НАТО лічбам не надта верыць і кажа, што гаворка можа весціся пра 100 тысяч жаўнераў.

Затое пытанні да першых вучэнняў «Захад» пасля вайсковай агрэсіі Расеі ва Украіне ёсць у непасрэдных суседзяў АДКБ: узмацняюць вайсковую сілу з дапамогаю НАТО краіны Балтыі, Польшча. Падвысілі пільнасць і ўласна ва Украіне, дзе звяртаюць увагу: у дні супольных расейска-беларускіх манеўраў свае камандава-штабныя вучэнні правядуць і сепаратысты ДНР і ЛНР.

Таццяна Рэут, «Белсат», фота: Nikolai Petrov / BelTA / TASS / Forum

Глядзі таксама
Каментары