Вучэнні «Захад-2017» – рэпетыцыя вайны з Польшчай і Літвой


Вучэнні «Захад-2017» ужо 14 верасня. Мінабароны паказвае іх сцэнар.

Вейшнорыя, Весбарыя і Лубенія нападаюць на Беларусь і Расею. Праціўнік, можа, і ўмоўны. Толькі вось пазначаны на мапе досыць канкрэтна – Польшча, Літва, Заходняя Беларусь.

Насцярожвае легенда вучэнняў

Адносіны пагоршыліся на глебе міжнацыянальных, этнічных і рэлігійных супярэчнасцяў ды тэрытарыяльных прэтэнзіяў.

«Незразумелы ажыятаж у сувязі з вучэннямі «Захад-2017». Да прыкладу, шматнацыянальныя вучэнні краін НАТО »Анаконда-2016« былі найбуйнейшымі ў Еўропе з часоў заканчэння халоднай вайны. У іх прынялі ўдзел прадстаўнікі 24 дзяржаў. Усе асноўныя параметры леташніх вучэнняў на тэрыторыі Польшчы перавышаюць паказнікі вучэнняў »Захад-2017« у некалькі разоў», – даводзіць Алег Белаконеў, начальнік генштабу УС РБ.

У вучэннях бяруць удзел 13 000 вайскоўцаў

Аднак паралельна з гэтымі вучэннямі на тэрыторыі Расеі таксама пройдуць вучэнні «Захад». А там колькасць вайскоўцаў у разы большая.

Да таго ж пачаўся прызыў на зборы ваеннаабавязаных жыхароў прылеглых да вучэнняў тэрыторыяў. Выклікаюць на зборы ўжо з заўтрашняга дня і беларусаў. Напрыклад, у Глыбокім, як Уладзіміра Тупеку.

«Людзей адрываюць ад уборкі. Я і сам з вёскі, мне трэба вось, напрыклад, збожжа прыбраць, па гаспадарцы што-небудзь зрабіць. А ўсё адно трэба ісці на гэтыя зборы», – скардзіцца Уладзімір.

Мінабароны: вучэнні маюць абарончы характар

Вайскоўцы запалохваюць агрэсіяй НАТО, вучэннямі ва Украіне, «Правым сектарам», а таксама кажуць пра няпростую ваенна-палітычную сітуацыю ў рэгіёне.

Але, як падае выданне « «Frankfurt Allgemeine Zeitung», Расея праводзіць у тры разы больш вучэнняў, чымся краіны НАТО. І, хоць начальнік генштабу паабяцаў, што расейскія салдаты пакінуць Беларусь да 30-га верасня, улічваючы паводзіны Расеі ў апошнія гады, шмат у каго ўзнікаюць сумневы.

Сяргей Падсасонны, «Белсат», фота: Viktor Vetkin / TASS / Forum