«Вожыкавая палянка». Ідзе збор сродкаў на беларускамоўны мульт


«Вожыкавая палянка» – мультфільм пра сям’ю вожыкаў з мнеманічнымі вершыкамі на беларускай мове, якія дапамогуць дзецям хутчэй засвойваць розныя словы: напрыклад, лічылкі або вершы для запамінання колераў. На пляцоўцы «Мола-мола» ідзе збор сродкаў на пілотную серыю мультфільму.

«Мне заўжды было зайздросна, што ў расейскай мове вельмі шмат мнеманічных выразаў: як можна запомніць розныя матэматычныя законы, колеры вясёлкі. А ў беларускай мове я звярталася шмат да якіх мовазнаўцаў, і яны нічога мне не маглі сказаць. І ў мяне была такая ідэя: вось бы знайсці літаратара, які мог бы панапрыдумляць без дай прычыны гэтых вершыкаў», – распавядае Марыя Грыц, кіраўніца праекту.

Сюжэт – у выданні «Аб’ектыву»:

Ганна Янкута, пісьменніца, перакладчыца, працягвае:

«Для гэтай гісторыі трэба было прыдумаць герояў, і важаняты – гэта вельмі добры варыянт. Яны вельмі мілыя, водзяцца ў беларускіх лясах. Кожнае дзіця ведае, што ёсць такая істотка з калючкамі. Таму мы спыніліся на важанятах. А потым ужо пачалі прыдумляць іхную гісторыю. Яны блізняты, бо мы хочам, каб былі рэпрэзентаваныя і хлопчыкі, і дзяўчаткі на роўні».

Плануецца зрабіць серыял з двуххвілінных мультфільмаў, сюжэты для якіх паходзяць са штодзённага жыцця: гульні, супольная праца з бацькамі, шпацыры. Усе сітуацыі – тое, з чым дзіця сутыкаецца кожны дзень.

Цяпер ужо ёсць даволі неблагі выбар мультфільмаў на беларускай мове, бо шмат якія папулярныя прадукты былі перакладзеныя, хоць бы тая ж «Свінка Пэпа», дабінг да якой рабіў «Белсат». Аднак менавіта накіраваных на вывучэнне на роднай мовы – няма.

«Калі нарадзілася дзіця, я зразумела, што паказаць жа ёй і няшмат што ёсць. Я ўжо накупіла цэлую шафу кніжак. А мульцікі – яны ж хутка праходзяць, гэта ж табе не кніжку чытаць. І я падумала, што было б выдатна знайсці людзей, якія б захацелі зрабіць мульцік. Па шчырасці, я думала, што гэта будзе значна прасцей і танней», – кажа Марыя Грыц, кіраўніца праекту.

Аднак стварэнне мультфільму – справа нятанная: кошт адной серыі складае амаль 5,5 тысячаў рублёў.

«Пакуль мы збіраем толькі на пілотную серыю, пасля будзем спрабаваць знайсці сталае фінансаванне. Безумоўна, хочам зрабіць доўгі серыял з вялікаю колькасцю серыяў, але ўсё будзе залежаць ад таго, ці знойдзем мы на гэта сродкі… У нас ёсць цалкам абмеркаваны сінопсіс першай серыі, ёсць задумкі яшчэ 2 серыяў», – тлумачыць Ганна Янкута, пісьменніца, перакладчыца.

Аўтары спадзяюцца, што ён прыцягне ўвагу не толькі звычайных людзей, але і, магчыма, буйных фундатараў, якія дапамогуць выйсці на экраны паўнавартаснаму серыялу з мнеманічнымі вершыкамі. А пакуль заклікаюць усіх падтрымаць выхад пілотнай серыі пра важанятаў Вожу і Пых-Пыха.

Зміцер Міцкевіч belsat.eu