Вось як выглядаюць італьянскія гарады пасля ўспышкі каронавірусу


Паліцыянт у ахоўнай масцы стаіць побач з удзельнікам Венецыянскага карнавалу, які ў мэтах бяспекі скончыўся на некалькі дзён раней раней. Фота – Manuel Silvestri / Reuters / Forum

Пасля таго, як лік інфікаваных гвалтоўна перавысіў сотню чалавек, а дзве асобы памерлі, улады гарадоў на поўначы краіны закрылі школы і абмежавалі перасоўванне людзей. Як гэта выглядае – глядзіце на фотаздымках агенцтва «Reuters» і ў відэарэпартажы Вітаўта Сіўчыка.

Яшчэ пазаўчора іх было 6, сёння – ужо 132 асобы. На поўначы Італіі пашыраецца «Covid-19». Дзве асобы памерлі, адна вылекавалася.

«Пасля рашэння закрыць універсітэты (…) думаю, што закрыццё школаў – гэта захада перасцярогі (…). Гэта толькі захады перасцярогі, мы не хочам ствараць панікі», – заявіў мэр Мілана Джузэпэ Саля.

Жыхары Касальпустэрленга размаўляюць з паліцыянтам. Фота – IPA / Backgrid / Backgrid UK / Forum
Паліцыянты даглядаюць багаж мужчыны падчас карнавалу ў Венецыі. Арганізатары вырашылі скончыць імпрэзу заўчасна на фоне ўспышкі каронавірусу на поўначы Італіі. Фота – Cobra Team / Backgrid / Backgrid UK / Forum
Наведнікі Тыдня моды ў Мілане. 22 лютага 2020 года. Фота – Stefano Costantino / MEGA / The Mega Agency / Forum
Паліцыянт з маскай на твары папярэджвае кіроўцу аб закрыцці дарогі паміж Кадоньё і Касалпустэрленга праз успышку каронавірусу. 23 лютага 2020 года. Фота – Gugliemo Mangiapane / Reuters / Forum

Улады закрылі ўсе школы ў П’емонтэ, Эмільі-Рамання, Ламбардыі ды Вэнэце. У дзвюх апошніх правінцыях таксама перакрылі дарогі да 11 раёнаў, у якіх жыве 50 тысячаў чалавек. Цяпер туды не ўедзеш і адтуль не выедзеш.

«Гэта добрае рашэнне, бо, калі б мы не перакрылі дарог, мы маглі б перамяшчацца ў іншыя мясцовасці і верагодна, распаўсюдзіць вірус», – зазначае жыхар мясцовасці Кадоньё.

Каля аптэкаў і крамаў – чэргі.

Аптэка ў Мілане. Фота – IPA / Backgrid / Backgrid UK / Forum

У Ламбардыі адмененыя ўсе культурніцкія і рэлігійныя імпрэзы. У Венецыі скасавалі традыцыйны карнавал.

Венецыя, Італія. 23 лютага 2020 года. Фота – Cobra Team / Backgrid / Backgrid UK / Forum
Венецыя. Праз боязь распаўсюджвання вірусу арганізатары Венецыянскага карнавалу адмянілі апошнія дні імпрэзы. 23 лютага 2020 года. Фота – Manuel Silvestri / Reuters / Forum
Фота – Manuel Silvestri / Reuters / Forum

Пагроза распаўсюду вірусу дабралася і да футбольных стадыёнаў. Перанесеныя дзясяткі матчаў, у тым ліку чатыры матчы серыі А.

Фанаты клубу «Рома» падчас матчу іхнай каманды супраць «Лечэ» на стадыёне «Алімпіка». Рым, Італія. 23 лютага 2020 года. Фота – Alberto Lingria / Reuters / Forum

«Падчас паседжання Рады міністраў мы дамовіліся з міністрам спорту спадаром Спатафорам, што мы адмяняем усе спартовыя імпрэзы, запланаваныя на заўтра ў рэгіёнах ВЭнэта і Ламбардыя», – паведаміў прэм’ер-міністр Італіі Джузэпэ Контэ.

Паводле Контэ, перадумоваў да прыпынення дзеяння Шэнгенскае дамовы і абмежавання свабоды перамяшчэння на міжнародным узроўні пакуль няма.

Паліцыянты стварылі блокпасты, каб не дапусціць распаўсюджвання каронавірусу. Тыя, хто ўязджае ў закрытыя гарады, пасля не могуць іх пакінуць. Фота – IPA / Backgrid / Backgrid UK / Forum

Суседзі Італіі яшчэ толькі разважаюць над прыняццем рашэнняў.

«У Аўстрыі вельмі сур’ёзна ставяцца да сітуацыі ў Італіі. Падчас такога крызісу асноўныя рашэнні прымае Міністэрства аховы здароўя, а паліцыя забяспечыць усё выкананне ўсіх неабходных захадаў, у выпадку чаго з ужываннем сілы», – сцвердзіў Карл Нэгамэр, міністр унутраных справаў Аўстрыі.

Фота – IPA / Backgrid / Backgrid UK / Forum

«Калі зачыняць мяжу ў сувязі з гэтаю небяспечнаю сітуацыяй і ўводзіць кантроль, паўстае пытанне, як гэта зрабіць, якія правяранні ладзіць, звязаныя са станам здароўя, падобныя, напрыклад, як у аэрапортах», – заявіў Франц Лянг, старшыня Федэральнае крымінальнае паліцыі Аўстрыі.

Жанчына ў Мілане закрывае хусткаю твар падчас шпацыру па горадзе. Гэтымі днямі на поўначы Італіі адбылася ўспышку вірусу «Covid-19». Фота – IPA / Backgrid / Backgrid UK / Forum

Агулам у свеце «Covid-19» закрануў амаль 79 тысячаў чалавек (абсалютная большасць – у Кітаі), з чаго ледзьве не 2,5 тысячы памерлі, а 23 тысячы – вылекаваліся. Між тым пра новыя 15 выпадкаў заражэння сёння паведамілі ў Іране. Усяго ў гэтай краіне афіцыйна налічылі 43 асобы, інфікаваныя «Covid-19», з іх восем чалавек памерлі.

Відэарэпартаж Вітаўта Сіўчыка глядзіце ў поўным выданні навінаў за 23 лютага