«Вось там нам падкінуць перцу!» Чаго Лукашэнка чакае ад выбараў?


Назірае за парламенцкай, а сам вядзе прэзідэнцкую выбарчую кампанію. Аляксандр Лукашэнка рыхтуецца, што ў 2020 годзе яму падкінуць перцу. Кіраўнік дзяржавы ўжо сёння заклікаў беларусаў галасаваць, як трэба.

Краіна рыхтуецца да абрання дэпутатаў законатворчага органу, але для дзейнага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі выбары ў Палату Прадстаўнікоў…

«Гэта рэпетыцыя заўтрашняй кампаніі – прэзідэнцкай. Вось там нам падкінуць перцу! Але мы мусім узяць мазгі ў рукі і спакойна, як заўжды беларусы гэта рабілі, зрабіць так, як трэба нам. А не камусьці на захадзе, усходзе, поўначы ці поўдні».

Гэта ўжо чарговая згадка пра найважнейшую для самога Аляксандра Лукашэнкі палітычную падзею:

«Гэта год парламенцкіх і наступны – прэзідэнцкіх выбараў. Мы здаем іспыт, таму паўсюль маем падцягнуцца як след».

Неабмежаваныя магчымасці для самапіяру, шчыльны графік паездак, яшчэ больш эфірнага часу… Але адметнасць гэтае выбарчай кампаніі Лукашэнкі – наўпроставае ўмяшанне ў сацыяльна значныя і медыйныя падзеі, заўважае палітолаг Валер Карбалевіч:

«Гэта і настаўніца ў Гомлі, і сітуацыя з цыганамі ў Магілёўскай вобласці, і з Акумулятарным заводам у Берасці. Спрабуе дэманстраваць, што ўлада для народа, што яна рэагуе на выклікі, якія ёсць у грамадстве».

Поспех гэтых спробаў – тэма на асобную дыскусію. Супрацьпастаўляюць сябе дзейнаму кіраўніку – ягоныя палітычныя апаненты. Супернічаць з Аляксандрам Лукашэнкам на выбарах-2020 плануюць чалец Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч, дэпутатка Палаты Прадстаўнікоў Алена Анісім і былы дэпутат Сяргей Скрабец.

Хочуць паспрабаваць таксама лідар партыі АГП Мікалай Казлоў і лідар партыі «Народная Грамада» Мікола Статкевіч. Правацэнтрысты праз праймарыз вылучаць Паўла Севярынца або Юрася Губарэвіча. З пералічаных асобаў у найвыгаднейшай сітуацыі – дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім:

«Праца ў парламенце безумоўна дае дадатковыя магчымасці. Дае магчымасць сустракацца з людзьмі, з калектывамі і ў цэлым знаёміць як мага большую колькасць людзей з тым хто ты ёсць і што як ты робіш».

Вылучэнец на прэзідэнцтва Мікалай Статкевіч (Беларускі нацыянальны кангрэс) кажа, што ў выбарчых бюлетэнях будуць тыя, каго сярод сваіх апанентаў хоча бачыць Лукашэнка. Каманда Статкевіча ўжо ладзіць пікеты ў розных гарадах краіны ды дзеліцца з выбарнікамі сваім непакоем:

«Мае паездкі – спроба даць прыклад пераадолення страху і падварушыць, актывізаваць людзей у ініцыятыўную групу».

У выбарах 2015 года Мікола Статкевіч паўдзельнічаць не паспеў, бо толькі напярэдадні вызваліўся з турмы, куды яго (кандыдата на прэзідэнта) кінулі па абвінавачанні ў «арганізацыі масавых закалотаў» пасля выбараў-2010.

Напярэдадні новай прэзідэнцкай кампаніі Менск распачынае дыскусію з Вашынгтонам пра зняцце з Беларусі санкцыяў, уведзеных за наяўнасць палітвязняў. Адметна, што ўмяшацца ў гэтыя выбары можа нязгодная з такой палітыкай Лукашэнкі Масква, лічыць палітолаг Валер Карбалевіч:

«Мусіць ёсць нейкая інфармацыя, што Расея можа пачаць уласную гульню падчас выбарчай кампаніі. Вось гэта, мне падаецца, яго моцна турбуе».

За сваю будучыню і дабрабыт хвалююцца таксама беларусы. Спыталі жыхароў Менску, за каго б аддалі галасы?

«Хацелася б нейкіх кардынальных пераменаў. Іншага прэзідэнта хацелася б».

«Іншае альтэрнатывы ў нас няма. Лукашэнка гэта наш бацька, робіць і дарогі, і рэшту – гаспадарлівы такі».

«Выбары будуць з тым жа кандыдатам, у нас адзін моцны кандыдат, іншых моцных я не бачу, таму я мяркую, што выйграе той жа».

«У нас несправядліва адбываецца падлік галасоў, у нас нічога не робіцца як належыць».

Міжнародная супольнасць з гэтай прычыны не прызнала свабоднымі і дэмакратычнымі ўсе, апрача першых прэзідэнцкіх выбараў прэзідэнта Беларусі.

Юлія Цяльпук belsat.eu