Вольскі прыдумаў машыну часу, каб ажывіць папярэднія праекты


Лявон Вольскі даў вялікі канцэрт у «Prime Hall». Усе квіткі былі распрададзеныя. У клубе сабраліся больш за дзве тысячы чалавек.

На сцэне Вольскі з’яўляўся ў чатырох іпастасях і пераносіў прыхільнікаў у розныя часы: гучалі і песні легендарнай «Мроі», якая ўпершыню выступіла 35 гадоў таму, і пакаленчыя гіты «N.R.M.», і альбом «Грамадазнаўства» сучаснага праекту «Volski». Знакавыя песні змушалі ад душы слэміцца і расчульвалі да слёз.

Глядзіце рэпартаж Аляксандры Дорскай у поўным выданні навінаў за 27 кастрычніка

«Я таксама некалькі разоў плакаў! Я жартую. Як высвятляецца, можна ў часе перасоўвацца. Вось мы зрабілі такую машыну часу, і хацелася б гэта паўтарыць», – кажа Вольскі.

Музыка адшукаў і тыя самыя касцюмы. Як і дваццаць гадоў таму, пад маскамі на сцэне з’явіўся таямнічы Zet.

«Канцэрты Zet – гэта заўжды быў перформанс. На сцэну выляталі мужыкі ў масках і з пісталетамі – бах-бах! Гэта быў такі экшан. І хадзілі такія легенды, што гэта брат-блізнюк Лявона Вольскага, які склаў гурт, каб спяваць пратэставыя песні», – кажа наведніца канцэрту.

На канцэрт змаглі трапіць не ўсе ахвотныя, таму ёсць спадзеў, што шоу ў Менску паўторыцца. А ўжо ў лістападзе музыка едзе ў вялікі тур па Беларусі.

Аляксандра Дорская belsat.eu