Вольга Чайчыц – лаўрэат прэміі Івашкевіча


Заблакаваны ў Беларусі партал «Хартыя’97» назваў лаўрэатаў Нацыянальнай прэміі за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча.

Смелыя, адважныя, непакорныя. Такіх людзей у Беларусі не бракуе. Сёння мы завіталі на сядзібу Хартыі’97, дзе адзначаюць выбітных грамадзянаў нашай краіны, якія змагаюцца за правы чалавека.

«Хартыя» узнагародзіла самых смелых

Сярод узнагароджаных – Вольга Чайчыц, журналістка, якая супрацоўнічае з нашым тэлеканалам. Толькі летась Вользе давялося сем разоў праходзіць праз суды.

«Гэта спроба не толькі запужаць нас, але паказаць, што яны кантралююць усё, усе сродкі масавай інфармацыі. Калі ў нас няма дазволу на працу, яны нам перашкаджаюць», – сказала Воля Чайчыц пасля ўзнагароды.

Матэрыялы Чайчыц не раз выкрывалі невыгодную чыноўнікам праўду і дапамагалі людзям. Гэтаксама, як і дзейнасць яшчэ аднаго лаўрэата ўзнагароды – Леаніда Судаленкі, прававога інспектара прафзвязу радыёэлектроннай прамысловасці па Гомельшчыне.

«Мы правялі ў Гомлі першую і апошнюю гэтак званую дармаедскую судовую справу, у выніку чаго дзяржава адмовілася ад сваіх патрабаванняў, і ўрэшце, скасавала дэкрэт», – кажа юрыст.

Леташні год адзначыўся масавымі пратэстамі, нябачанымі з часу перабудовы.

У намінацыі «За асабістую адвагу» «Хартыя’97» узнагародзіла двух заўсёдных удзельнікаў маніфестацыяў – Яўгена Афнагеля, які пастанавіў вярнуцца ў Беларусь з эміграцыі, і Вольгу Нікалайчык, якая для сплаты штрафаў была вымушаная прадаць свой дом.

«Адкрыў тую Беларусь, якая была прыціснутая, схавана на кухнях, абмяркоўвала і не выходзіла доўгі час на вуліцы. І ў мінулым годзе яна выйшла», – распавядае Афнагель.

Кінарэжысёрка Вольга Мікалайчык кажа, што яе ўзнагарода належыць людзям.

«Мой дыплом трэба ўручыць беларусам, якія выйшлі і сказалі Лукашэнку, што ён дыктатар, што ён – слуга, а мы – народ», – гаворыць Нікалайчык.

Яшчэ адным лаўрэатам прэміі стаўся заснавальнік «Арт Сядзібы» Павел Белавус. Крэатыўны і дзейны патрыёт, які адседзеў летась 15 содняў арышту, не змог прыехаць на цырымонію праз пільнае рыхтаванне да святкавання Дня Волі ў Менску.

«Кожны год у нас вялікі выбар. На самой справе, мы маглі б больш людзей узнагародзіць, але мы абмежаваны колькасцю. У гэтым шчасце нашай краіны – што пры дыктатуры людзі працягваюць змагацца», – заявіла Наталля Радзіна.

Традыцыйна прэмію імя Віктара Івашкевіча выбітным беларусам уручаюць ганаровыя госці з-за мяжы. Сёння адным з іх быў кіраўнік Меджлісу крымскататарскага народу Рафат Чубараў. У сваёй прамове спадар Чубараў падкрэсліў, што сустрэча з мужнымі людзьмі з нашай краіны была для яго вялікім гонарам.

Вітаўт Сіўчык