Вобшук у офісе БелаПАН. Праца журналістаў паралізаваная


Праца беларускай інфармацыйнай кампаніі БелаПАН паралізаваная. Узброеныя супрацоўнікі Следчага камітэту і міліцыі зладзілі ў офісе ператрус, канфіскавалі тэхніку і дакументы. У пастанове на вобшук значыліся… дзве крымінальныя справы.

Сіні мікрааўтобус з танаваным шклом заўважылі ў двары дому, дзе месціцца офіс БелаПАН, каля 12-й гадзіны. Неўзабаве восем чалавек увайшлі ў будынак, і пачаўся ператрус.

«Я сядзела за сваім працоўным камп’ютарам, і тут вельмі гучна раптам: «Адысці ад кампутараў! Нічога не кранаць, тэлефоны не кранаць!» Падымаю вочы, а там узброеныя людзі ў масках. Стала мне страшна, вельмі дрэнна сябе стала адчуваць», – распавяла журналістка БелаПАН Таццяна Бублікава. Неўзабаве яе забрала хуткая.

Адваката ў офіс не пусцілі.

«Я паспрабаваў патрапіць у офіс. Мне адчынілі невядомыя людзі ў масках і сказалі, што адбываецца ператрус, і што мяне туды не дапусцяць, паколькі ператрус пачаўся», – кажа адвакат Сяргей Зікрацкі.

Галоўны рэдактар агенцтва Ірына Леўшына трапіла ў рэдакцыю, калі ператрус ужо ішоў. На некаторы час тэлефон Ірыны ды іншых журналістаў, якія заставаліся ў рэдакцыі, былі недасяжныя.

«У нас скончыўся ператрус. Нікога не забралі. Забралі тэхніку. Я магу сказаць няшмат, таму што, калі я прыехала, тут ужо было ў працэсе. Мяне ўпусцілі і не выпусцілі», – паведаміла Ірына Леўшына.

Ператрус цягнуўся амаль тры гадзіны. Дырэктар БелаПАН Дзмітрый Наважылаў падводзіць сумныя вынікі:

«Падчас трохгадзіннага ператрусу канфіскавалі некаторыя рукапісныя нататкі, некаторыя дакументы, каля 10 жорсткіх дыскаў ад камп’ютараў і два дыскі ад лакальнага сервера».

Праца рэдакцыі аказалася цалкам паралізаваная.

Ператрус праводзіўся ў межах справы затрыманага 12-га студзеня Андрэя Аляксандрава. Некалькі гадоў ён быў намеснікам дырэктара, апошнім часам актыўна супрацоўнічаў з БелаПАН. Яго падазраюць у дачыненні да дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

«Мы бачым, што ўлады пачынаюць год са шквалу рэпрэсіяў. Калі ў пачатку года ў нас было ўсяго некалькі журналістаў па крымінальных справах, то напрыканцы года спачатку справа Прэс-клубу ўзнікае, потым справа Андрэя Аляксандрава, і вось гэтыя ператрусы», – упэўнены намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

Ціск зазнаюць ледзь не ўсе прадстаўнікі незалежнай журналістыкі. «Белсаюздрук» скасаваў дамову аб распаўсюдзе з рэдакцый газеты «Новы час». З лютага газета больш не будзе прадавацца ў шапіках. А Берасцейская друкарня пасля 18-ці гадоў супрацы адмовілася друкаваць незалежную «Брэсцкую газету». На сённяшні дзень 15 прадстаўнікоў незалежных медыяў пад крымінальным пераследам. 9 з іх – у следчым ізалятары, сярод іх журналісткі «Белсату» Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева.

Ігар Станкевіч, «Белсат»