«Вконтакте» захоўвае нават выдаленую прыватную інфармацыю


25 траўня на тэрыторыі Еўразвязу набыў моц новы Закон аб персанальных звестках. Цяпер любы грамадзянін Аб’яднанае Еўропы, у адрозненні ад нашых суайчыннікаў, можа даслаць запыт на сэрвіс, якім карыстаецца ў інтэрнэце, якую інфармацыю гэты сэрвіс пра яго збірае. Магчымасцю скарыстаўся беларус Крысціян Шынкевіч, які жыве ў Польшчы. Запыт ён накіраваў у сацыяльную сетку «УКантакце» і атрымаў адказ.

«Самае абуральнае, што я там знайшоў для сябе, – гэта тое, што яны захоўваюць інфармацыю, якой там не павінна было быць. Гэта выдаленая перапіска і нават выдаленыя файлы. Паводле еўразвязаўскага закону GDPR яны не маюць права гэтага захоўваць», – кажа хлопец.

Такім чынам, сетка «УКантакцте» захоўвае ўсю інфармацыю, якую вы калі-небудзь там змяшчалі, публічна ці ў прыватнай форме. Напрыклад, здымкі ў ліставанні з сябрамі ці сваякамі. Нават калі вы ўсё гэта выдаліце ды закрыеце акаўнт, «УКантакце» ўсё роўна захавае звесткі на сваіх серверах.

«УКантакце» цалкам адкрыла адміністрацыйны доступ супрацоўнікам ФСБ, і тыя звароты, якія ФСБ адсылае ў сацсетку аб выдачы нейкай інфармацыі, – гэта толькі прыкрыццё. Для сваіх аператыўных дзеянняў спецслужбы выкарыстоўваюць «закрытыя ўваходы», якія закрытыя для звычайных смяротных», – распавядае Раман Захараў з Фонду абароны галоснасці.

Як рэагуюць беларусы на тое, што іхная прыватная перапіска і фотаздымкі назаўсёды застануцца ў сетцы «УКантакце», нават калі інфармацыю выдаліць, мы паслухалі на вуліцах Віцебску.

«Гэта ненармальна. Сацсетка – гэта месца, дзе мы пакідаем часцінку сябе, адпачываем душой».

«Гэта некарэктна. Калі ты нешта выдаляеш, то ты хочаш, каб гэтага там больш не было».

«Мусіць быць канфідэнцыйнасць».

«Гэта нечакана, і я адмоўна да гэтага стаўлюся. Калі я нешта выдаляю, яно павінна быць выдалена».

Але вялікая колькасць людзей кажуць, што ім няма чаго хаваць. З пытаннем, ці сапраўды можна не хвалявацца, калі не робіш нічога супрацьзаконнага, мы звярнуліся да эксперта па працы спецслужбаў.

«Тое, з кім мы камунікуем, з кім кантактуем, якімі кантактамі мы дзелімся, пра што мы адно адному пішам, – гэта ўсё каштоўная інфармацыя для спецслужбаў. Яна дазваляе стварыць псіхалагічны партрэт асобы ды можа стаць ключом для кампрамату і шантажу. Каб прымусіць кагосьці да супрацы, напрыклад, у якасці інфарматара», – кажа дырэктар Цэнтру даследвання тэрарызму Кшыштаф Льедэль.

У Беларусі да гэтага яшчэ не дайшло, але ў суседняй Расеі на падставе інфармацыі з сеткі «УКантакце» можна апынуцца на лаве падсудных. І не за нейкае там злачынства, а за дазволеную Канстытуцыяй крытыку ўладаў.

«Неаднаразова асабіста сустракаўся з такімі адміністратыўнымі справамі. Гэта не небяспека для апазіцыі, гэта небяспечна для ўсіх, хто нязгодны. Трапляюць на лаву падсудных людзі, якія некалькі гадоў таму зрабілі рэпост ці паставілі лайк, і вось ужо гатовая справа. Гэта тысячы справаў па ўсёй краіне», – кажа Раман Захараў з Фонду абароны галоснасці.

Але замест таго, каб прызнаць цесную супрацу з расейскімі спецслужбамі ды не падманваць сваіх карыстальнікаў, сетка «УКантакце» проста спрабуе праблему схаваць і замаўчаць.

«УКантакце» заблакавалі маю старонку амаль што праз некалькі дзён, калі я запытаў пра дадатковую інфармацыю, на якую яны не адказалі ў першым лісце, і недзе праз тыдзень пасля таго, як я напісаў пра першы ліст ад кампаніі ў «Фэйсбуку». «УКантакце» пра гэта ведалі, бо СМІ ўжо тады пачалі пра гэта гаварыць», – распавядае ініцыятар запыту да сацсеткі «Укантакце» Крысціян Шынкевіч.

Таму калі наступным разам вы будзеце перапісвацца «Укантакте», памятайце, што вас чытае не толькі ваш суразмоўца.

Ігар Кулей belsat.eu