Віцебск супраць дэкрэту № 3


Тыдзень таму Гомель прагрымеў на ўсю краіну. Там адбылася адная з самых масавых антыўрадавых акцыяў з 90-ых гадоў. Сёння эстафету пераняў Віцебск. Тысячы галасоў крычалі адным хорам: «Лукашэнка, сыходзь!» І не было страху, а толькі бязмежнае абурэнне. І таксама дадалася адметнасць віцебскай акцыі – прынамсі пяцярых удзельнікаў затрымалі.

Супраць дэкрэту №3 на вуліцы абласнога цэнтру паводле розных падлікаў выйшлі да дзвюх тысяч віцяблянаў. Апроч адмены дэкрэту аб сацыяльным утрыманстве, мітынгоўцы заклікалі да адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі.

Святлана Ботвіч, удзельніца мітынгу:

«Паважаны» Аляксандр Рыгоравіч, стаміліся людзі, саступіце месца моладзі, каб людзі нашыя не зʼязджалі, дайце людзям працу, яны застануцца… Жыве Беларусь!

Акцыя пачалася на плошчы Перамогі, там сама мясцовыя ўлады зарганізавалі свята Масленіцы, куды ў прымусовым парадку заклікалі прыйсці школьнікаў. Але сходу абураных віцяблянаў гэта не перашкодзіла. З плошчы Перамогі людзі рушылі на плошчу Леніна, дзе на ганку філармоніі адбыўся мітынг. Сярод патрабаванняў, апроч адстаўкі кіраўніка краіны, – адмяніць дэкрэт нумар тры і павышэнне пенсійнага ўзросту.

Слова бяруць жыхары мітынгу:

«Няхай адмяняе пенсію, гэты дэкрэт свой і сам сыходзіць з улады, бо ён сам сабе працягвае паўнамоцтвы, а людзі за яго даўно не галасуюць».

«Я прыйшла, бо мяне гэта таксама закранула, у мяне дачка таксама не працуе, яна атрымала ліст «аб дармаедстве», але плаціць мы не будзем».

«Прыйшоў ліст шчасця, працы няма, а я мушу чамусьці за два гады (дзяржаве)…».

«Нам не хапае толькі шакаладкі «спадар прэзідэнт», не дачакаюся гэтай шакаладкі, каб запусціць яму ў лоб».

Акцыя адбылася дзякуючы самаарганізацыі віцяблянаў праз сацыяльныя сеткі. У адрозненні ад сходаў, што адбыліся на мінулым тыдні, гэтым разам уся ініцыятыва сыходзіла ад самых жыхароў Віцебску.

Гаворыць Таццяна Севярынец, грамадская актывістка:

«Людзі абураныя і прыйшлі сюды, каб выказацца супраць гэтага ганебнага жыцця».

Павел Левінаў, праваабаронца:

«Ніхто людзей не выводзіў і паглядзіце, плячом да пляча адстойваюць свае правы. Лідара няма, лідар народ і гэта толькі пачатак».

Напярэдадні віцебскай акцыі гучалі перасцярогі, што яна можа перарасці ў прарасейскі мітынг. Заклікі ў бок Масквы гучалі, але з боку ўсяго некалькіх чалавек:

«Як Крым да Расеі трэба і тады будзе лад. Яго звалі «бацька», а ён стаў отчым і нават горш».

Падчас мітынгу віцябляне скандавалі, што падатку за дармаедства плаціць не будуць, а таксама дзякавалі нашаму тэлеканалу:

«Я хачу падзякаваць »Белсату«, малайцы »Белсат«».

Пасля акцыі міліцыянты затрымалі Таццяну Севярынец, больш за паўтары гадзіны яе пратрымалі ў Кастрычніцкім РАУСе Віцебску. Жанчыну абвінавацілі ўва ўдзеле ў несанкцыянаваным шэсці.

Аркадзь Несцярэнка, belsat.eu