Віцебшчына: жыхары вёскі Дабрэйка задыхаюцца ад смуроду


Жыхары вёскі Дабрэйка пад Віцебскам задыхаюцца ад смуроду: тут знаходзяцца ставы, якія адстойваюцца амаль паўстагоддзя. Чыноўнікі вырашылі іх разварушыць ды перапрацаваць 48 гектараў адкідаў на ўгнаенні. Мясцовыя жыхары аднак супраць.

Смурод паўсюль – камунальныя сцёкі з гораду, што збіраюцца ў глеевых ставах, зрабіліся сапраўдным праклёнам вёскі Дабрэйка. Цяпер прадпрыемства «Віцебскводаканал» вырашыла збудаваць пляцоўку для кампаставання адкідаў. Пабудова размесціцца на адкрытым паветры і зойме амаль тры гектары.

«Асадкаў накапілася шмат і праблему трэба вырашаць. Інакш, калі мы не зробім гэтага цяпер, мы пакінем усё гэта нашым дзецям. І дзякуй яны нам за гэта не скажуць», – кажа намесніца начальніку цэху збудаванняў ачысткі Лідзія Віхляева.

Паводле задумы, пляцоўка мае вырашыць пытанне выкарыстання асадкаў сцёкавых водаў ачышчальных сістэмаў каналізацыі Віцебску. Але мясцовыя жыхары, якія і так скардзяцца на невыносны пах, выступаюць супраць такога будаўніцтва.

Жыхары вёскі Дабрэйка кажуць:

«У працэсе пераапрацоўкі, калі пачнуць гэта ўсё чапаць, мяшаць, пах можа ўзмоцніцца».

«Няўжо нельга гэта прадпрыемства будаваць далей ад гораду? Мы ж амаль у межах гораду!»

Чыноўнікі пераконваюць – прадпрыемства будзе толькі карыснае. Па-першае, перапрацоўванне – гэта праява цыркулярнае эканомікі, якая спрыяе змяншэнню назапашвання сцёкаў. Па-другое, мясцовыя жыхары змогуць здаваць на прадпрыемства вясковае смецце, якое таксама прыдасца ў перапрацоўванні.

«Калі мы будзем рабіць пляцоўку для кампаставання, то напаўняльнікам можа быць тое самае лісце, пустазелле, якое прыватны сектар спрабуе ўпіхнуць у машыны са смеццем», – адзначае начальніца цэху збудаванняў ачысткі Ганна Галуза.

Такія аргументы вяскоўцаў не пераконваюць. Яны адзначаюць, санітарна-ахоўная зона складае 500 метраў, у той час як бліжэйшая забудова месціцца за 450 метраў ад планаванага аб’екту.

«Былі грамадскія абмеркаванні гэтага праекту, нам сказалі – нідзе. Мы – першапраходцы. То бок мы не ведаем, добра гэта будзе, дрэнна», – мяркуе жыхарка Дабрэйкі Ірына Стацэнка.

Да таго ж праект прадугледжвае – штогод прадпрыемства будзе выкідаць у навакольнае асяроддзе больш за 200 тонаў шкодных рэчываў, перадусім метану. Адметна, што ў самім праекце, кажуць аўтары, існуе польская тэхналогія «Ф’юэл Кэл», якая ўвогуле не дапускае выкідаў, але затое патрабуе ў 43 разы больш электраэнергіі. Здавалася б, нічога, бо ў Беларусі будуць АЭС, але чыноўнікі вырашылі інакш.

«Калі мы пачнем казаць пра тэхналогіі – то іх цэлае мноства, але яны вельмі дорага каштуюць, і гэта трэба разумець. А пры кепскай эканамічнай сітуацыі трэба выбіраць тое, што танней», – кажа Лідзія Віхляева.

Цяпер між пахкімі ставамі і вёскай распасціраецца поле кукурузы. Вяскоўцы прапанавалі засадзіць тэрыторыю лесам, каб стварыць натуральную перашкоду для пахаў, але ад чыноўнікаў пачулі, што гэтыя землі апрацоўвае прадпрыемства «Рудакова» і вывесці іх з сельскагаспадарчага абароту ніяк не можна без згоды кіраўніка дзяржавы.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»