Вірус кусае за IT


Тэхналагічны сектар у свеце пакуль застаецца найбольш стабільным і нават паказвае прыбыткі за першы квартал бягучага году. Аднак аналітыкі кажуць, што ўжо другі квартал пакажа рэальны ўплыў эпідэміі каронавіруса на інтэрнэт гігантаў і вытворцаў электронікі.

Кампанія «Samsung» заявіла, што чакае зніжэнне прыбыткаў, бо попыт на смартфоны і электроніку ў час пандэміі заўважна знізіўся. Аднак пры гэтым карэйскі вытворца стаў больш прадаваць электронных кампанентаў, у прыватнасці – чыпаў! Цяпер людзі часцей працуюць з дому і выкарыстоўваюць больш онлайн-сэрвісаў, а кампаніі, якія іх пастаўляюць, набываюць больш абсталявання.

Прыбыткамі хваліцца і «Alphabet», уласнік кампаніі «Google» – аднак не ўсё так бязвоблачна.

«Вынікі за першыя два месяцы першага квартала былі добрымі, аднак у сакавіку мы сутыкнуліся з істотным скарачэннем рэкламных прыбыткаў. Мы маем намер засяродзіцца на павышэнні эфектыўнасці, працягнуўшы, пры гэтым, інвеставаць у доўгатэрміновыя магчымасці». – гаворыцца ў прэс-рэлізе Google.

Карыстальнікі сталі больш часу аддаваць некамерцыйным праектам. Кошт трафіку пры гэтым расце, а рынак ўэб-рэкламы скарачаецца. Яго падзенне працягваецца ў другім квартале года.

Тым часам «Wall Street Journal» даведаўся, што «Apple» адклала выраб «iPhone 12» на месяц, а гэта, хутчэй за ўсё, перасуне ўвесь цыкл вытворчасці прадуктаў кампаніі: і калі новы смартфон усе ж пакажуць, то не ў верасні, а ў кастрычніку. Агулам з прычыны пандэміі буйныя тэхнакамапніі адзінагалосна кажуць пра нявызначанасць што да змянення сектару ў будучыні.

Нягледзячы на тое, што беларуская IT-індустрыя расла з пачатку года, кампаніі ўсё ж пачалі скарачаць людзей ды заробкі.

«Сярэднія і малыя аўтсорс-каманды, у якіх няма моцнай дыверсіфікацыі, часта скарачаюць людзей. Каго скарачаюць? У першую чаргу – тых, у каго няма вопыту… Скарачаюць тых, хто доўгі час быў без праекту. Таксама ёсць практыка заніжэння заробкаў», – зазначае Сяргей Лаўрыненка, Iт-менеджар.

Паводле парталу dev.by, які апытаў амаль дзве тысячы айцішнікаў, актыўней за іншых уласны штат рэжуць вялікія кампаніі – ад пяці сотняў чалавек. Агулам з усіх апытаных звольненых аказалася 76 асобаў. Аднак пакуль праграмістам няма чаго баяцца, перакананы наш суразмоўца, бо ў грамадстве змяніліся першасныя патрэбы.

«Калі чалавек задаволіў патрэбу ў ежы і ў цяпле, зара трэцяе, што ён шукае, – гэта ўай-фай, каб быў інтэрнэт, а інтэрнэт – гэта попыт на IT. Таму не будзе краху. Але гэта сітуацыя цяжкая, і ўсе кажуць, што гэта найбольш цяжкі крызіс за ўсю гісторыю гэтай галіны, нават больш цяжкі, чым 1998, 2001, то бок беспрэцэдэнтны!» – зазначае Сяргей Лаўрыненка, Iт-менеджар.

Паводле Лаўрыненкі першая хваля рэструктурызацыі (чытай, скарачэнняў) – ужо за плячыма беларускіх IT-кампаніяў. А якім чынам будзе развівацца сітуацыя далей, будзе залежыць выключна ад сусветных рынкаў і перамогі над пандэміяй каронавіруса.

Кірыл Смяглікаў, «Белсат»