«Віншавальная рыторыка». На чым трымаецца Саюзная дзяржава сёння


На прыгожых заявах прэзідэнтаў і прэм’ераў. Ігар Кулей падводзіць вынікі 21-годдзя супольнасці.

Нягледзячы на тое, што ў гэты ўрачысты для прыхільнікаў Саюзу Беларусі і Расеі дзень – дваццацігоддзе інтэграцыі, лідары абедзвюх краінаў не знайшлі часу для сустрэчы, пафасных заяваў усё ж прагучала не мала. Павіншавалі адзін аднаго Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка. Абмяняліся ветлівымі словамі Дзмітрый Мядзведзеў і Андрэй Кабякоў. Калі згадаць пра новы ледавіковы перыяд паміж Менскам і Масквой, то словы пра павышэнне дабрабыту, незаменнасць гэтага саюзу і пра навукова-тэхнічны прагрэс успрымаліся з іроніяй.

«Гэтая фэйкавая саюзная дзяржава трымаецца толькі вось на такога кшталту публічных заявах аднаго кіраўніка, другога кіраўніка, – лічыць метадолаг Уладзімір Мацкевіч. – Ну і тых, хто спрычыніўся да распілу грошай з бюджэту саюзнага праекту. Таму я б не ўспрымаў гэтых словаў сур’ёзна».

«Звычайная віншавальная рыторыка», – кажа Мацкевіч.

Сённяшні ўзровень таваразвароту паміж саюзнымі краінамі – такі ж, як і 10 гадоў таму. Амаль усе супольныя праекты ў стварэнні тэхналагічных прадуктаў – самалётаў, камп’ютараў, тэлевізараў, рухавікоў, тэлекамунікацыйнага абсталявання – пацярпелі паразу. Узаемныя наўпроставыя інвестыцыі зніжаюцца штогоду, а Еўразійскі банк развіцця кажа пра сталы працэс дэзынтэграцыі эканомік Расеі і Беларусі.

Згодна з даследаваннем Беларускай аналітычнай майстэрні Андрэя Вардамацкага, за саюз з Расеяй выступаюць 65 % нашых суайчыннікаў, у той час як за Еўразвяз – толькі каля 20 %. Атрымліваецца, што ў гэтай справе беларусы здраджваюць галоўнаму прынцыпу кожнага абʼяднання – што яно мусіць быць карыснае для кожнага ўдзельніку праекту.

Ігар Кулей; фота: Валеры Шарыфулін/ТАСС