Вінаватых няма. У Менску людзі гадамі жывуць у трэснутых дамах


Жанчына паказвае сцяну ў доме на Лагойскім тракце ў Менску, які здалі ў эксплуатацыю некалькі гадоў таму. Фота – «Белсат»

На сталічнай вуліцы Шырокай працягваецца рамонт у шматпавярховіку, адкуль у пятніцу эвакуявалі ўсіх жыхароў. Але трэшчыны маюць і суседнія будынкі. Людзі баяцца разбурэння канструкцыі.

Святлана Ніканчык жыве ў сталічным доме на Лагойскім тракце ўжо чацвёрты год.

«Гэтая шчыліна каля двух гадоў з’явілася, не адразу, недзе ў 2017 – пачатку 2018-га», – паказвае жанчына сцяну ў залі.

Рэпартаж з вуліцы Шырокай выйшаў у эфір у поўным выданні навінаў за 30 красавіка

Перыядычна ў сценах з’яўляюцца ўсё новыя і новыя расколіны. Жанчына неаднаразова выклікала камунальнікаў:

«Склалі акт, я распісалася, копію акту мне не далі, сказалі будзем думаць, патэлефануем заўтра. Заўтра не патэлефанавалі, ні паслязаўтра, ні праз тыдзень. Ім тэлефануеш – яны кажуць: запісваецеся на прыём на галоўнага інжынера, нічога сказаць не можам».

Дом Святланы стаіць за некалькі метраў ад эвакуяванай шматпавярхоўкі. Гэтак цяпер называюць суседскі дом праз часовую эвакуацыю адтуль жыхароў на некалькі гадзінаў у мінулую пятніцу.

«Але калі я пачула і пабачыла, як эвакуююць суседні дом, тут мне стала жудасна. У мяне маленькіх трое дзяцей, калі не дай Бог недзе штосьці – я не ведаю, што мы будзем рабіць», – кажа Святлана.

Суседні дом здаваўся ў 2014 годзе. Амаль адначасова са шматпавярхоўкай Святланы, і ад пачатку зазнаў такія самыя праблемы.

«З першых дзён пакрысе шчыліны, шчыліны, шчыліны. Накопліваюцца, хоп – новая, але больш за ўсё, вядома, за апошні год», – расказвае Сяргей Шкадзен, жыхар дому 3 на вуліцы Шырокай.

Год таму з’явіліся праблемы з апорнай канструкцыяй. Жыхары пачалі звяртацца да камунальнікаў.

«Нікога няма і няма. Я тэлефаную ў УКС, па-першае яны не маглі знайсці вінаватага, хто будзе за гэта ўсё адказваць. УКС, адміністрацыя, ЖРЭА, арганізацый шмат, але ніхто не хацеў браць адказнасці за гэты касяк так званы», – абураецца Сяргей.

Рамантаваць канструкцыю будаўнікі прыехалі толькі на мінулым тыдні. А як закончацца працы, жыхары хочуць правесці незалежную экспертызу, а таксама патрабуюць маніторынгу і гарантыі, каб такое больш не паўтаралася. А таксама абследавання іншых калонаў.

«Мы баімся, што нагрузку нашай калоны прынялі суседнія», – кажа Ігар Клімовіч, жыхар дому 3 на вуліцы Шырокай.

Цэлы год жыхары жылі з пашкоджанай калонай, што можа быць небяспечна.

«Агулам будынкі разлічаныя на прагрэсіўнае абрушэнне: прыбіраецца адна з апорных канструкцый – і перакрыцці павінныя завіснуць і размеркаваць моц на ўсе астатнія канструкцыі, але зразумела, што наступствы могуць быць: недзе сцяна можа абваліцца і перакрыцці пагнуцца, – лічыць Уладзіслаў Скварнік, інжынер-канструктар.

Як сталася, што цэлы год людзі жылі ў небяспечным жытле, мы паспрабавалі высветліць ва Упраўленні капітальнага будаўніцтва.

«Вы ведаеце, дырэктар сказаў, што не лічыць патрэбным абмяркоўваць гэтае пытанне».

Гарантыйны тэрмін жылога дому – 5 гадоў.

«Грамадзяне, спажыўцы будаўнічых паслугаў маюць права на бясплатную ліквідацыю пазначаных недахопаў, якія былі выяўленыя за гарантыйны тэрмін. А таксама права на выплату маральных стратаў», – кажа юрыст Андрэй Дземідовіч.

Тым часам жыхарам дому на вуліцы Шырокай абяцаюць закончыць рамонт апорнай калоны да канца тыдня. Святлане ж яшчэ давядзецца пазмагацца за свае правы.

Наста Кахановіч, «Белсат»