Вільня – за дэмакратычную Беларусь


Акцыя ў падтрымку незалежнай і дэмакратычнай Беларусі прайшла сёння ў Вільні. Некалькі дзясяткаў чалавек прыйшлі да прэзідэнцкага палацу Літвы.

«Мы хацелі падтрымаць усіх палітвязняў і выказаць свой пратэст супраць іх затрыманняў і ўсіх неправамерных затрыманняў», – кажа суарганізатарка акцыі Вікторыя Андруковіч.

Акцыю сумесна арганізавалі беларускія і літоўскія грамадзяне – у новым фармаце.

«Мы больш не будзем хадзіць да амбасады беларускай, мы будзем звяртацца да ўраду і міжнародных арганізацыяў», – тлумачыць Павел Марыніч з «Еўрапейскай Беларусі».

Беларуская дыяспара і літоўскія грамадскія дзеячы перадалі прэзідэнту Літвы Гітанасу Наўседу зварот, каб ён актыўней рэагаваў на падзеі ў Беларусі ды пачаў фармаваць агульнаеўрапейскую палітыку адносна нашай дзяржавы.

«І каб гэта быў не толькі дыялог з рэжымам, а каб мы пачулі галасы тых людзей, якія сядзяць у турмах і хочуць пераменаў у Беларусі», – кажа Жыгімантас Павілёніс, чалец камітэту замежных справаў Сейму Літвы.

Марафон пікетаў і маніфестацыяў у падтрымку дэмакратычнай будучыні Беларусі ідзе ў Вільні ўжо два тыдні.

«Два тыдні таму Мікалай Статкевіч атрымаў 15 дзён арышту. На мінулым тыдні яму перакваліфікавалі абвінавачанне ў крымінальнае злачынства. Сітуацыя пагаршаецца», – перакананы дакладчык Еўрапарламенту пра Беларусь Пятрас Аўштравічус.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»