Відавочцы: ДАІшнікі пераследавалі кіроўцу без правоў. Кіроўца загінуў


Штраф паўтысячы рублёў ці больш за тысячу пры паўторным затрыманні. Такое пакаранне чакае за кіраванне аўтамабілем без правоў. Жыхар вёскі Насовічы на Гомельшчыне заплаціў за гэта жыццём. Чаму так здарылася? У вяскоўцаў і ў даішнікаў – розныя версіі. Ірына Дарафейчук.

«Дарогі не было бачна праз пыл».

Так відавочцы апісваюць пераслед даішнікамі кіроўцы без правоў. Пераслед, які скончыўся смерцю.

«Паглядзіце, якія яміны – гэта ў паветры ўдар быў, што машына ўвайшла ў зямлю».

Трагедыя адбылася 4 красавіка ў вёсцы Насовічы Добрушскага раёну. Паводле аднавяскоўцаў, Віталь Дагліс уцякаў ад машыны дарожна-патрульнай службы па вясковай вуліцы ды на высокай хуткасці ўрэзаўся ў слуп.

«Людзі казалі, што стрэлка застыла на 130 кіламетрах».

25-гадовы Віталь Дагліс выехаў сваім нядаўна набытым аўтамабілем у краму. Са словаў маці, пасведчання кіроўцы ён не меў, хоць аўташколу ўжо скончыў.

«Яму сказалі, што з Лагуноў едуць ДПСнікі, ён стартануў па Палявой. А яны, ДПСнікі, заўважылі і за ім пагналіся ды пачалі падразаць яго», – кажа жыхар вуліцы Палявая Вадзім.

Паводле версіі ДАІ, кіроўца загінуў сам, няправільна выбраўшы хуткасць і не справіўшыся з кіраваннем. Даішнікі ж, нібыта, прыехалі на месца здарэння толькі праз 10 хвілінаў. Вяскоўцы ў адзін голас цвердзяць, што была менавіта пагоня.

«Гэта цягам трох-пяці секундаў адбывалася: першая машына – гул ішоў неверагодны, і другая следам. А тое, што хтосьці кажа, што яны праз 10 хвілін пад’ехалі – не. Гэта ўсё мы бачылі», – гаворыць Віталь Васілеўскі, жыхар вёскі Насовічы.

Тое, што даішнікі зладзілі пагоню ў паселішчы, на вуліцы, дзе маглі гуляць дзеці, абурыла вяскоўцаў.

«Ёсць куча сведкаў, людзі выходзілі з сякерамі, ішлі проста на гэтых даішнікаў. Працаўнікі міліцыі за краты, дзе возяць арыштантаў, схавалі гэтых даішнікаў, каб людзі не ўтварылі самасуду», – гаворыць маці загінулага Наталля Халшчанкова.

Праваабаронца Леанід Судаленка тлумачыць, што для пераследу парушальніка патрульнай машынай існуе адмысловы рэгламент. Маюць быць улучаныя маячкі чырвонага і сіняга колеру ды праз мегафон даішнікі маюць загадваць кіроўцу спыніцца. Праваабаронца Леанід Судаленка:

«Калі гэтая працэдура не вытрыманая, то гэта парушэнне з боку міліцыі, і сваякі загінулага кіроўцы па выніках службовага расследавання маюць права паставіць пытанне ў тым ліку і пра спагнанне маральнай шкоды».

Паводле мясцовых жыхароў, гэта быў не адзіны выпадак пераследу ў вёсцы.

«У той самы дзень гэтыя ж даішнікі ганяліся за хлопцам, які ехаў на мапедзе, але своечасова мужчына гэтых даішнікаў затрымаў. Хлопца гналі, які ехаў на мапедзе без шалома», – распавядае маці загінулага.

Сваякі загінулага маюць намер дамагацца пакарання для працаўнікоў ДАІ, на іхную думку, вінаватых у смерці маладзёна.

– Дабівацца чаго?

– Праўды. Справядлівасці. Пакарання даішнікаў.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu