Аб'ектыў 22.06.2018 Ветэраны ў Беларусі: перажылі вайну, выжываюць у мірны час


Гераізм для дзяржавы, але трагедыя ўсяго народу. 77 гадоў таму гітлераўцы ступілі на беларускую зямлю. Мільёны жыццяў за вялікую перамогу і доўгія чатыры гады змагання. Вайна перавярнула гісторыю і лёсы людзей. Афіцыйна сёння для ветэранаў ёсць гонар і пашана. Але ці гэта тое жыццё, якім павінны жыць пераможцы? Пра што не кажуць улады? І як выкарыстоўваюць трагедыю?

Вайна, якая абрынулася адразу на Берасцейскую крэпасць, а потым пацягнулася праз усю краіну, забіла кожнага трэцяга беларуса.

«Я нарадзілася да вайны. А ў вайну ўжо ў кустах сядзела. Дзед выкапаў капец. Мы парасят паўкідалі туды. Карову забралі. А матка дома была», – узгадвае сведка вайны Сафія Астапенка.

Гэта ўспаміны дзяцей вайны з Веткаўшчыны на Гомельшчыне. Іхны лёс назаўсёды змяніўся. Але і сёння, праз 77 гадоў, жыццё поўнае клопатаў: два разы на тыдзень – аўталаўка, гаспадарка, брак умоваў для годнага жыцця.

«Цяжка, канешне ж, ці ж не цяжка?! Во, падаўбу – запячэ, дык я ў хату, паляжу, потым яшчэ даўбу. Во як», – распавядае Сафія Астапенка.

Але гэтыя людзі не прызвычаіліся наракаць. Ім лепш, чымся было ў тыя жахлівыя гады вайны.

Паводле афіцыйных звестак, на 1 красавіка ў Беларусі жылі 8412 ветэранаў, аднак толькі 4006 – беспасярэдніх удзельнікаў вайны.

Іхная колькасць няспынна памяншаецца, бо сярэдні ўзрост ветэранаў – 95–96 гадоў. Наймалодшым партызанам і падпольшчыкам – 86–87 гадоў. Дзяржава нібы і памятае пра ветэранаў. Ладзіць парады і дае пэўныя ільготы. Але гэтае шоу не робіць годным жыццё пераможцаў, шмат з якіх спрабуюць неяк выжыць. Самую ж дэманстрацыю сілаў улады звязваюць з нейкаю пагрозаю, што вісіць над нашаю краінаю.

Ніхто дакладна не ведае колькасць загінулых

Ідэолагі выкарыстоўваюць, прапаганда страшыць, а вось гісторыкі ўсцяж маюць шмат пытанняў да падзеяў Вялікай Айчыннай. Ёсць нават меркаванне, што Савецкі Саюз рыхтаваўся першым напасці на Гітлера. А пакт Молатава-Рыбэнтропа пра ненапад уключаў і сакрэтную частку, паводле якой была падзеленая сфера ўплываў.

Латвія, Эстонія, Фінляндыя, усходнія землі Польшчы ды Бэсарабіі адыходзілі пад уплыў СССР. А вось Літва і захад Польшчы трапілі да Нямеччыны.

А таму Вялікая Айчынная вайна – гэта, хутчэй, заканамерная частка Другое сусветнае вайны.

«Вялікая колькасць людзей загінула. І вайна для Беларусі пачалася зусім не 22 чэрвеня 41-га года, а 1 верасня 39-га года. Па сутнасці, Заходняя Беларусь увесь час знаходзілася ў стане вайны», – кажа гісторык Ігар Мельнікаў.

Дакладныя страты ў гады Вялікай Айчыннай – усцяж адкрытае пытанне. Афіцыйна гаворка ідзе пра 26 мільёнаў 600 тысячаў загінулых і памерлых. Аднак існуе меркаванне, што гэтыя звесткі заніжаныя. Рэальная лічба стратаў сярод вайскоўцаў і мірнага насельніцтва можа сягаць нават 41-го мільёна.

Пад выглядам памяці расейская прапаганда адваёўвае сферу свайго ўплыву. Прарасейскія нацыяналістычныя арганізацыі 9-га траўня зладзілі Ў Менску акцыю «Бессмяротны полк». На першы погляд, бяскрыўднае мерапрыемства можа быць небяспечным для сённяшняе незалежнасці Беларусі.

«Расея спрабуе ўздзейнічаць на Беларусь. І тое, што прарасейскім, рускім арганізацыям удалося вельмі хутка мабілізаваць людзей і прайсці шэсцем насуперак, у піку афіцыйнаму мерапрыемству на плошчы Перамогі, гэта сведчыць пра тое, што гэтыя арганізацыі дзеяздольныя», – лічыць палітолаг Валер Карбалевіч.

У гістарычных і ідэалагічных «разборках» адбываецца цынічная гульня на трагедыі. І нібы адыходзяць на другі план тыя, хто ваяваў, выжываў і перамагаў.

Сяргей Падсасонны, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары