«Верым, што можам паўплываць на лёс памерлых». Чым адметнае свята Дзяды?


1 лістапада каталікі адзначаюць Дзень усіх святых. А 2 лістапада паводле яшчэ дахрысціянскай традыцыі, – Дзяды, дзень, у які людзі наведваюць могілкі і ўшаноўваюць памяць продкаў. У чым сакральнасць і адметнасць гэтага дня?

На каталіцкія могілкі ў Ракаве гэтымі днямі прыходзяць шмат людзей: тут рыхтуюцца да шанаванага ў народзе восеньскага дня памінання продкаў, Дзядоў. І мясцовыя жыхары хвалююцца не толькі пра чысціню месца пахавання сваіх родных, але і пра выгляд саміх могілак.

Сям’я Мазураў, як і дзясяткі іншых месцічаў, пільна даглядае магілы продкаў.

«Шмат тут сваякоў пахавана, усе. Тут усё добра – усе стараюцца, усе прыбіраюць, дапамагаюць», – распавядае мясцовая жыхарка Рэгіна Мазура.

Па звычцы каталіцкія могілкі ў Ракаве называюць польскімі, а праваслаўныя – рускімі. Але Дзядоў ушаноўваць як каталіцкія вернікі і святары, гэтак і праваслаўныя ў Беларусі: у гэты дзень чытаюць асаблівыя малітвы за душы памерлых.

«Гэта вельмі важна ў Каталіцкім Касцёле, у Праваслаўнай Царкве – мы верым, што можам паўплываць на лёс душаў тых людзей, якія апынуліся па той бок жыцця. І тое, чаго яны не зрабілі самі, мы можам зрабіць за іх – памаліцца, каб яны атрымалі жыццё вечнае», – кажа праваслаўны святар Аляксандр Шрамко.

У народнай традыцыі адзначэнне Дзядоў – гэта таксама вячэра з куцці і печыва, калі стравы пакідалі на стале на ўсю ноч як пачастунак душам памерлых сваякоў. І гэтая традыцыя паходзіць з глыбокіх дахрысціянскіх часоў, калі людзі яшчэ пакланяліся сілам прыроды і зменам пораў года.

«Асноўная канцэпцыя свята – завяршэнне аднаго цыклу прыроды і пачатак іншага. Але змест свята – гэта шанаванне памерлых, тое, што застаецца ў традыцыі. Прыбіранне могілак, гатаванне ежы, адкладанне для Дзядоў, адмысловыя прамовы і ўспамін пра тых, хто стварыў гэтую сям’ю альбо род, а ў сучасным выпадку – нацыю», – кажа багаслоў Ірына Дубянецкая.

Цягам стагоддзяў адзначэнне Дзядоў набывала новыя формы і традыцыі. Пасля таго, як адкрылася праўда пра Курапаты, ушанаваць памяць продкаў людзі выйшлі разам. Упершыню ў 1988 годзе. Пасля гэтага памінальнае шэсце ў Курапаты ладзіцца штогод. Будзе і сёлета.

«Прайшло больш за 30 гадоў, а гэтая традыцыя не перапыняецца. Праводзіцца шэсце на Дзяды і ўшаноўваецца памяць усіх закатаваных бальшавіцкім рэжымам. Бо гэта быў генацыд беларускай нацыі», – гаворыць сакратар КХП-БНФ Алесь Сахольскі.

Шэсце памяці ў Курапаты пройдзе ў нядзелю, 3 лістапада, а 12 гадзіне ад станцыі метро «Парк Чалюскінцаў».

Галіна Абакунчык belsat.eu