Верталёт з беларускім сцягам Гуцэрыева, а не Лукашэнкі?


Інфармацыя пра новы элітны верталёт, прыгнаны з італьянскага Мілану ў Беларусь, выклікала гарачую дыскусію ў грамадзянаў. Далёка не ўсе беларусы паверылі, што аформлены ў стылі іншых урадавых паветраных суднаў і колеры дзяржаўнага беларускага сцягу верталёт, належыць расейскаму алігарху Міхаілу Гуцэрыеву, а не Лукашэнку. Хаця такую версію праз пасярэднікаў Гуцырыеў перадаў журналістам Tut.by.

Угадайце загадку: каштуе не менш за $ 12 млн, расфарбаваны ў колеры дзяржаўнага сцяга Беларусі, мае надпіс «Беларусь» на фюзеляжы і лятае над рэзідэнцыяй Аляксандра Лукашэнкі – што гэта? Agusta Westland – AW139 – адзін з найсучаснейшых верталётаў італьянскай зборкі, прызначаны, у тым ліку, для перавозкі кіраўнікоў дзяржаваў, у Беларусь прыгналі нібыта для сябра Лукашэнкі, расейскага алігарха Міхаіла Гуцэрыева. Прынамсі так парталу Tut.by паведаміла інфармаваная крыніца.

Ці паверылі гэтаму беларусы? Вось што кажуць жыхары Магілёва:

«Абсалютна не. Гэта прыкрыццё».

«Навошта алігарху купляць сабе верталёт з беларускім сцягам? Ён сабе расейскі купіць».

«Можа, і прэзідэнтам папахівае. І выгляд прыгожы, і змяшчальнасць прыстойная».

«Не хапае толькі чырвонага дывана з залатой абшыўкай і каб трон туды занесці».

Давайце зірнем на авіяпарк Аляксандра Лукашэнкі. За мяжу ён лятае на «Boeing 767» у VIP-кампаноўцы, набыты ў кіраўніка Туркменістану, – з дзяржаўным сцягам на фюзеляжы і з надпісам «Беларусь». А пасяўную і ўборачную кампаніі ў Беларусі раней кантраляваў са старога «Мі-172» – з дзяржаўным сцягам і з надпісам «Беларусь».

Яшчэ адная ўскосная прыкмета: паводле авіяманіторынгу, дасяжнага на партале flightradar, яшчэ 19-га лютага, перад прыбыццём у нацыянальны аэрапорт «Менск» італьянскі верталёт зрабіў пару кругоў над азёрамі ў Астрашыцкім гарадку. Тут размяшчаецца яшчэ адная рэзідэнцыя Лукашэнкі, абсталяваная верталётнаю пляцоўкай, менавіта тут кіраўнік Беларусі карміў моркваю Стывена Сігала і касіў траву з Жэрарам Дэпард’ё.

Таму ананімныя заявы, што чырвона-зялёны верталёт прыгналі для Гуцэрыева, гэта падман – заяўляе дасведчаная журналістка Святлана Калінкіна:

«А калі праўда, то гэта азначае, што Гуцэрыеў хоча, каб думалі, калі ён ляціць нібыта на сваім верталёце, што ляціць прэзідэнт. Што ён сябе бачыць па статусе роўным А.Лукашэнку. Хаця я ўсё роўна лічу, што гэта верталёт Лукашэнкі, хай нават і набыты Гуцэрыевым».

Міхаіл Гуцэрыеў не першы раз бярэ на сябе адказнасць за шыкоўныя рэчы, якімі карыстаецца Лукашэнка. 2 гады таму журналісты «Белсату» правялі расследаванне (гл. ніжэй) і знайшлі рэзідэнцыю ў гатэльным комплексе «Краснасельскае», каля пасёлку Шаршуны, якою паводле розных прыкметаў карыстаецца кіраўнік дзяржавы. Гэтаксама, як і цяпер, інфармаваныя крыніцы праз іншыя медыі заявілі, што рэзідэнцыя належыць Гуцэрыеву. Аднак чамусьці забаранілі палёты дронаў над гэтаю рэзідэнцыяй ды іншымі месцамі адпачынку Лукашэнкі. Пазней «Белсат» знайшоў тэхнічную спецыфікацыю галоўнага будынку, з адмысловым пакоем для службы аховы прэзідэнта. У нібыта прыватным доме прыватнай асобы.

Лукашэнку і расейскага алігарха звязваюць фінансавыя схемы і грошы, але не толькі, кажа Святлана Калінкіна.

«Вядома, што калі Гуцэрыеў у Расеі быў пад крымінальнай справай, то ён хаваўся ў Беларусі. І тут знайшоў прытулак, знайшоў нейкія словы, грошы, падарункі для Лукашэнкі, якія яму спадабаліся», – мяркуе журналістка.

Паводле даўняй пастановы Міністэрства транспарту, расфарбоўка цывільнага паветранага судна разам з усімі эмблемамі і надпісамі робіцца толькі калі ўладальнік узгадніў эскіз малюнку ў Дэпартаменце авіяцыі. Незалежныя журналісты звярталіся ў Дэпартамент з пытаннем, ці можа любы авіяўладальнік размаляваць верталёт так, як у Лукашэнкі. Але чыноўнікі адкажуць толькі цягам месяца.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Фота: REUTERS / Anton Golubev / Forum

Аб’ектыў
Раскрылі новую шыкоўную рэзідэнцыю Лукашэнкі каля Шаршуноў
2017.01.14 11:00