Вернікі сабралі подпісы ў падтрымку закона аб абмежаванні ЛГБТ-прапаганды непаўналетнім


52 тысячы подпісаў сабралі вернікі Беларусі, каб увесці закон аб абмежаванні ЛГБТ-прапаганды непаўналетнім. Вынікі збору падводзілі сёння на адмысловай прэс-канферэнцыі ў Менску.

«Гэта для мяне не што іншае, як крык сэрца і душы бацькоў, якія заклапочаныя выхаваннем сваіх дзяцей», – падзяліўся арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Метрапаліт Менска-Магілёўскі.

Збор ініцыяваў фонд «Адкрытыя сэрцы». Да працэсу далучыліся каталіцкі, праваслаўны і пратэстанцкі прыходы. Дырэктар фонду патлумачыў, што маецца на ўвазе пад прапагандай ЛГБТ.

«З такіх яркіх прыкладаў, не ўлічваючы знакамітага сцяга на Брытанскай амбасадзе, безумоўна, гэта выстава ў БНТУ ў 2018 годзе. Гэта вельмі яркі прыклад, калі ў адным памяшканні быў дзіцячы тэатр і выступ адкрытага гомасексуаліста. І знакаміты фестываль квір «Dotyk». А акрамя таго маса, велізарная колькасць семінараў аб гендарнай роўнасці», – паведамляе дырэктар дабрачыннага фонду «Адкрытыя сэрцы» Уладзіслаў Валаховіч.

Ініцыятары збору робяць акцэнт на тым, што закон мусіў бы абараняць менавіта непаўналетніх. Як бы жыхары Менску адрэагавалі, калі б іхнае дзіця сутыкнулася з публічнай дэманстрацыяй ЛГБТ-дачыненняў?

«Я б яму растлумачыла, што ёсць людзі з рознай арыентацыяй, растлумачыла б на біялагічнай мове, што ёсць такая арыентацыя, ёсць такая арыентацыя – гэта не хвароба».

«Калі ён маленькі, яго папросту, напэўна, адвяла б у бок. Калі ён старэй, то я б… Я ўвогуле чалавек веруючы, я ўсё тлумачу з пазіцыі Бібліі».

«Растлумачыў бы яму, што ёсць людзі… Увогуле ў каханні няважна: мужчына і жанчына, жанчына і жанчына, гэта чыста праявы самога чалавека, таму ён павінен ставіцца да гэтага спакойна».

У адказ на збор подпісаў вернікамі праваабарончая арганізацыя «Ідэнтычнасць і права» падрыхтавала петыцыю ў абарону свабоды выказвання і супраць дыскрымінацыі ЛГБТ. Цяпер пад ёй каля трох тысяч подпісаў.

«Трэба разумець, што ў нас непараўнальныя рэсурсы. Калі да іх далучыліся святары праваслаўнай царквы, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У нас папросту няма такой аўдыторыі, на жаль», – кажа ЛГБТ-актывістка Дар’я Трайдэн.

Да барацьбы з дыскрымінацыяй паводле прыкметы сексуальнай арыентацыі і да ўсеагульнай дэкрыміналізацыі гомасексуалізму з 2010 года заклікаюць і прадстаўнікі ААН.

«Гэты закон несправядлівы, таму што ён незразумелы, таму што рэлігійныя догмы не павінны распаўсюджвацца на людзей, якія іх не прымалі», – падзялілася Дар’я Трайдэн.

Пазіцыя царквы зазвычай транслюецца ў дачыненні тых, хто ўсведамляе сябе чальцамі яе супольнасці, заявіў БелаПАН, старшыня Сінадальнай камісіі БПЦ у пытаннях сям’і Павел Сярдзюк. Ён таксама адзначыў, што арганізацыя адмоўна ставіцца да крыміналізацыі ЛГБТ-прапаганды. Але вернікі накіруюць сваю петыцыю ў Адміністрацыю прэзідэнта з просьбай прыняць не толькі закон, але і папраўкі ў Крымінальны кодэкс.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»