Вернікі адзначаюць уваскрашэнне Хрыста


Каталікі, грэка-каталікі ды пратэстанты ўсяго свету адзначаюць сёння Вялікдзень – адно з найбольш шанаваных хрысціянскіх святаў, дзень, калі вернікі згадваюць пра ўваскрашэнне Ісуса Хрыста.

«Калі б Хрыстос не ўваскрэс, то дарэмная наша вера. Хрыстос нас вызваляе, і Хрыстос дае нам тое жыццё, жыццё вечнае, да якога кожны з нас павінен імкнуцца, і гэта свята радасці, свята перамогі над грахом, над злом», – адзначыў ксёндз Антоній Клемантовіч, касцёл Найсвяцейшай панны Марыі.

«У душы свята, што Хрыстос уваскрэс, што ён сярод нас».

«Гэта вялікае свята ўсяго хрысціянства, гэта ўваскрэсенне Хрыста».

«Ён прыносіць, напэўна, у кожны дом і сям’ю нейкае шчасце, надзею на лепшае».

Вялікаднём заканчваецца самы працяглы пост у годзе, падчас якога вернікі прытрымліваюцца абмежаванняў у ежы, забавах і стараюцца пераасэнсаваць сваё духоўнае жыццё.

«Гэта свята перамянення. Перамянення чалавека. Як Езус Хрыстус перамяніўся з мёртвых, паўстаў, так і чалавек паўстае са сваіх грахоў, паўстае, у чымсьці мяняецца. Былі зробленыя нейкія пастановы падчас посту. Цяпер яны выкананыя, чакаем з радасцю ўваскрашэння Хрыста, каб штосьці ўваскрэсла і ў нашым жыцці».

У архікатэдральным касцёле ў Менску велікоднае набажэнства праводзіў прадстаўнік Папы Рымскага ў Беларусі – апостальскі нунцый архібіскуп Габар Пінтэр.

Галоўная святочная імша прайшла ў Ватыкане. А ў сваім Велікодным пасланні Папа Рымскі Францішак згадаў гарачыя кропкі планеты і заклікаў да мірнага развязання праблемаў.

«Няхай перад абліччам шматлікіх пакутаў нашага часу Пан жыцця не заспее нас халоднымі і абыякавымі. Няхай зробіць нас будаўнікамі мастоў, а не муроў», – адзначыў Папа Рымскі, Францішак.

Вернікі адзначаюць, што для кожнага гэтае свята мае ўласнае значэнне, але кожнаму яно дае надзею.

«Эканоміка эканомікай, але калі ў душы нічога няма, то нічога не зробіш. Трэба, каб чалавек нечым жыў, калі чалавек нечым жыве – то будзе».

«Калі чалавек шчыра ўсё гэта ўспрымае, то, вядома, дае надзею».

Праз тыдзень свята ўваскрэсення Хрыстовага будуць адзначаць праваслаўныя хрысціяне.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu