Венесуэла просіць Беларусь аб пабудове аграгарадку


Не зарабілі на здабычы нафты – заробім на будаўніцтве аграгарадкоў. Прапанову новага праекту ў Венесуэле агучыў амбасадар Беларусі ў Каракасе Алег Пафераў. Навошта Венесуэле беларускае сельскагаспадарчае ноу-хау? І што стала з папярэднімі праектамі?

Вытворчасць нафты ўпала ў 6 разоў, трактароў і МАЗаў на супольным прадпрыемстве мы збіраем па некалькі штук на дзень – каб не спыніць вытворчасці, але гэта не бяда. Венесуэла звярнулася да нас з новай прапановай, а менавіта:

«[…] перадаць у распараджэнне Беларусі вызначаны ўчастак зямлі пад развіццё аграгарадку з магчымасцю самастойна вырошчваць і рэалізоўваць сельгаспрадукцыю, у якой вельмі мае патрэбу насельніцтва Венесуэлы», – заявіў амбасадар Беларусі ў Венесуэле Алег Пафераў.

Аграгарадкі Венесуэла просіць нездарма, у краіне ўжо 4 гады не хапае харчоў. Віной усяму – папулізм і ручное кіраванне эканомікай прэзідэнта Уга Чавэса ды яго пераемніка, тлумачыць эканаміст Леанід Злотнікаў:

«Прыйшоў Мадура, які паглыбіў гэты сацыялізм. Ён нават крамы дазваляў рабаваць, каб беднае насельніцтва магло набыць электратавары. Пры дапамозе арміі ды паліцыі дазвалялі насельніцтву нават парабаваць прыватны капітал».

Не хапае не толькі харчоў, але і лекаў, бензіну. Выдаткі ўрад фінансуе пры дапамозе друкарскага станка. Інфляцыя, паводле Міжнароднага валютнага фонду, за мінулы год склала 80 тысяч адсоткаў. Ці дапамогуць такой краіне нашыя аграгарадкі?

Палітолаг Павел Усаў:

«І эканамічная, і палітычная сітуацыя ў Венесуэле будзе пагаршацца, і яна пагаршаецца дзень пры дні. Таму існуе сур’ёзная пагроза для тых рэшткаў праектаў, якія засталіся яшчэ ў Венесуэле».

Такіх праектаў 85, паведамляе амбасада ў Каракасе. Сярод іх: нафтаздабыча, машынабудаванне, будаўніцтва жытла. У час Уга Чавэса экспарт Беларусі ў Баліварыянскую рэспубліку дасягаў трохсот мільёнаў долараў на год. Пры Мадура эканоміка Венесуэлы пайшла пад адхон, а разам з ёю і супраца з Менскам.

«Наш экспарт забяспечваў 150 мільёнаў долараў. Гэта ў дзясяткі разоў менш, чым экспарт у Літву. Гэта невялікі абʼём паставак. Гэта нязначны ўплыў на беларускую эканоміку. Так што нічога істотнага не прапала, і нічога істотнага мы не знайшлі», – кажа эканаміст Леанід Злотнікаў.

Аднак страты некаторых прадпрыемстваў былі істотнымі. Напрыклад, «Белзамежбуду» пад канец 2017-га Каракас быў вінен 100 мільёнаў долараў. Столькі ж Венесуэла недаплаціла МАЗу і МТЗ. Аддаваць пазыкі Каракас прапанаваў жалезнымі брыкетамі ды біткойнамі ўласнай вытворчасці. Банкруцтва, як зазначае палітолаг, стала сумным вынікам спробы пабудаваць аўтарытарны сацыялізм.

«Што прывяло да карупцыі, да ўнутраных рэпрэсіяў, да фармавання кланавасці, да ўвязвання дзяржаўных структураў у гандаль наркотыкамі, да канфрантацыі з заходнімі краінамі», – тлумачыць палітолаг Павел Усаў.

Еўразвяз і краіны-суседкі лічаць Мадура нелегітымным. Кіраўніком дзяржавы яны прызнаюць апазіцыйнага спікера парламенту Хуана Гуайдо. Камісар правоў чалавека ААН абвінаваціла Мадура ў забойстве соцень арыштаваных апазіцыянераў. За апошнія гады краіну пакінулі 4 мільёны чалавек – кожны восьмы яе жыхар.

Аляксандр Папко, belsat.eu