Венесуэла напярэдадні грамадзянскай вайны. Лукашэнка падтрымаў дыктатара


У адзін бок ляцяць гранаты са слезацечным газам, у іншы – камяні ды бутэлькі з запальнаю сумессю. Гарачыя пратэсты цягнуцца ў Венесуэле больш за 3 месяцы. Прэзідэнт Нікаляс Мадура спрабуе ўвесці новы орган улады – Устаноўчы сход.

Апазіцыя патрабуе імпічменту

З часу, як Нікаляс Мадура спыніў перамовы з апазіцыяй, больш за 70 чалавек, у тым ліку паліцыянтаў, загінулі, больш за 1300– параненыя. Татальны дэфіцыт тавараў і медыкаментаў, выкліканы жорсткім кантролем нацыянальнай валюты, вярнуў у гэтыя мясціны голад. Дабрачынныя арганізацыі ды медыкі паведамляюць пра рэзкі рост дзіцячай смяротнасці.

Але ў Нікаляса Мадура яшчэ засталіся сябры.

Лукашэнка даслаў яму калегу з Венесэулы віншавальную тэлеграму

«Братэрская нам Венесуэла вымушаная сёння супрацьстаяць няпростым выклікам сучаснасці, каб захаваць выбраны курс і працягнуць ажыццяўляць усё тое, пра што марыў мой найлепшы сябар Уга Чавэс. Перакананы, што венесуэльцы пераадолеюць усе перашкоды на гэтым шляху», – зазначыў кіраўнік Беларусі.

Таксама Аляксандр Лукашэнка паабяцаў Мадура яшчэ больш паглыбляць эканамічнае і палітычнае ўзаемадзеянне ды рэалізоўваць праекты на карысць нашых народаў.

У Венесуэлу ездзілі беларускія будаўнікі ды нафтавікі

Дзяржаўныя СМІ рапартавалі аб будучых супольных заводах. З Венесуэлы ў Беларусь прыплыло некалькі танкераў з нафтай, але, паводле эканамістаў, тая маларэнтабельная нафта была хутчэй палітычным жэстам для Масквы.

«Мы там павінныя былі будаваць аграгарадкі, і філіялы некаторых нашых прадпрыемстваў павінныя былі адчыняцца. Але ўсё гэта былі праекты палітычныя», – тлумачыць адсутнасць выніку эканаміст Леў Марголін.

У Лукашэнкі і Мадура шмат агульнага

Абодва спрабавалі жорстка кантраляваць кошты на тавары і курсы валютаў – эканоміка адказала падзеннем. Абодва тлумачаць праблемы дзеяннямі пятай калоны пад кіраўніцтвам Захаду і палохаюць тэрарыстамі, падрыхтаванымі за мяжою.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: Carlos Garcia Rawlins / Reuters / Forum