Велікодныя зайчыкі выйшлі на плошчу ў Кіеве


У Кіеве здымаюць шмат кіно, але гэта не дэкарацыі для экранізацыі Льюіса Кэрала. Такім чынам украінскія мастакі штогод святкуюць Вялікдзень.

Іхныя творы на Сафійскай плошчы выстаўляюцца трэці раз. Двойчы гэта былі вялікія, аформленыя ў розных стылях пісанкі.

Сёлета на цэнтральных пазіцыях – 374 унікальныя зайцы

«Гэтая праца скіраваная на тое, каб кожная жанчына атрымала крылы, перажывала два станы – спакою ды рэалізацыі», – тлумачыць мастачка Ксенія Ларэлі.

«Баронг – гэта персанаж балійскай міфалогіі. Ён дае пазітыўную энергію, каб змагацца са злом. Так што ён прыйшоў з Балі сюды, каб патусавацца з іншымі зайцамі», – дадае мастачка Пэпі з Інданезіі.

Зрэшты, пісанкі сёлета таксама ёсць

Над афармленнем яек і заечых фігураў працавалі ажно 700 майстроў. Сярод усяго гэтага буйства фарбаў нечакана выглядаюць каваныя яйкі ад навучэнцаў прафесійных вучэльняў Данецкай вобласці.

«У залежнасці ад свайго прафесійнага кірунку – або металургічны, або машынабудаўнічы – вучні і педагогі-інжынеры выконвалі такія металічныя пісанкі да свята», – звяртае ўвагу Дмытро Дзенісенка, мастак з Данецку.

Летась фестывалі пісанак пад адкрытым кіеўскім небам наведалі два мільёны турыстаў. Сёлета арганізатары чакаюць яшчэ большага наплыву. Кажуць, заечае абаянне мае асаблівы магнетызм.

Адэля Дубавец, «Белсат»