Аб'ектыў 01.01.1970 Веганам давалі мяса. Астатнія панахапаліся вошаў. Жодзінскі ізалятар развітваецца з актывістамі


Панахапаліся вошаў актывісты ў жодзінскім цэнтры ізаляцыі, куды іх перавялі перад акцыяй на Дзень Волі (25 га сакавіка).

«Нас закінулі ў камеру, дзе былі бялізнавыя вошы. У нас ва ўсіх былі, адзін хлопец знайшоў на сабе, мы пачалі праглядаць на сабе і знайшлі ў кожнага. Нас не вадзілі на пражарку, я дня 3 гэтага намагаўся. У выніку, яны толькі бялізну забралі», – кажа актывіст Уладзіслаў Лобаў.

Пра тое, што сын заразіўся вошамі, маці Уладзя даведалася ад ягонага сукамерніка, які вызваліўся раней. Таму родныя прыехалі сустракаць хлопца да жодзінскага ізалятару ў поўнай баявой гатовасці.

«Атрымліваецца тыдзень яны жылі з гэтымі вошамі. Іх кусалі, ніхто нічога не рабіў. Прывязла вялікі пакет, ня ведаю ці дапамагла іх апрацоўка, не ведаю ці можна абняць сына. Ці адразу яго ў мяшок пакаваць і весці дахаты і мыць», – кажа маці арыштанта Лобава.

І гэта не адзіная праблема, з якою сутыкаюцца арыштанты. Сярод тых, каго затрымалі падчас сакавіцкіх пратэстаў, – аказаліся вегетарыянцы і веганы, якім турэмная пайка можа элементарна падарваць здароўе.

«Людзі не ўжываюць ежу жывёльнага паходжання. Ежа была такая брыдкая, і нават мяса было мала, але яно было, яго размешвалі з кашай. Асабіста я харчаваўся толькі кісялямі і гарбатай», – распавядае актывіст Віктар Свідзерскі.

Ізалятар не санаторый – гучыць часты аргумент адміністрацыі ўстановаў абмежавання волі. Гэтае сцвярджэнне, аднак, зняпраўджваюць праваабаронцы.

«У прынцыпе працэсуальна-выканаўчы кодэкс прадугледжвае, што чалавек, які адбывае пакаранне мусіць знаходзіцца ва ўмовах, якія не пагражаюць яго жыццю і здароўю. А тут атрымліваецца чалавек выходзіць і ў яго знаходзіцца і педыкулёз, і гастрыт, прастудныя захворванні, хранічныя захворванні абвастраюцца. Такім чынам людзі падрываюць свае здароўе», – тлумачыць праваабаронца Сяргей Усцінаў.

Актывістку Марыну Насенку прэвентыўна затрымалі яшчэ перад Маршам недармаедаў 15 сакавіка. Цягам 10 дзён зняволення яна пабывала ў Цэнтры ізаляцыі на Акрэсціна і ў Жодзіне. Жодзінскі ізалятар парадаваў не толькі вошамі, але экстрэмальнымі ўмовамі ўтрымання.

«Калі мы скардзіліся, што ў нас вельмі халодна, зрабіце што-небудзь: дайце коўдры, уключыце ацяпленне, нам казалі звяртайцеся да ЖКГ. Але калі ўсе пачалі скардзіцца звяртацца да дактароў, бо ўсе былі прастужаныя, то ацяпленне ўключылі. Плюс там былі мышы, пацукі, мы ўсё бачылі – там усё бегала», -кажа Марына.

Разам з сукамерніцамі Марына вяла гэтак званы «інстаграм», праўда, замест смартфона быў сшытак, а замест гламурных здымкаў – малюнкі ад рукі. #Неба_ў_клетачку надоўга застанецца ў памяці.

Наста Ільіна, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары