Аб'ектыў 17.11.2018 Вечны рамонт у 1000-гадовым горадзе


Сярэдзіна лістапада, а на вадаёмах Берасця ўсцяж шумна. Праўда, не толькі ад птушак, што не спяшаюцца ў вырай, але і ад вечнага рамонту набярэжнай.

Кажуць жыхары Берасця.

«Мы за ўсё плацім падвойна. І дарогі пераробліваем, і рамонт будынкаў таксама».

«Зрабілі добра, проста людзі няправільна паводзяцца».

«Проста безадказна падыходзяць да працы і ўсё».

Тым больш зусім побач ёсць прыклад, якім чынам можна будаваць на стагоддзі. Жыхары ж чакаюць ад сучасных будаўнікоў трываласці, прынамсі, на пару сезонаў.

Гэтак і з трэнажорамі. Гэта ўжо другая версія пляцоўкі для фізічных практыкаванняў. Першая – не прастаяла і сезону: заржавелі механізмы, і не вытрымаў нагрузак каркас. Чаму гэтым разам мае быць інакш?

«Напэўна, няякасна было зроблена, можа, матэрыял не той. І што трэба рабіць, каб такога не адбывалася? Рукі прыкласці», – кажуць працаўнікі буданічай брыгады Ленінскага раёну, Берасце.

Пакуль жа да каштарысу добраўпарадкавання гораду дадаюцца ўсё новыя рахункі за рамонт… ужо адрамантаванага. Гэтак, тынкаванне 400 метраў гэтага парапета год таму каштавала больш за 15 тысяч долараў. З чыёй кішэні будаўнікі возьмуць чарговыя 15, каб замазаць на адзін сезон?

«Таму што УКС закладвае грошы ў свае ж структуры – дзяржаўныя. А што такое дзяржаўныя структуры? Хто рызыкуе? УКС – заказчык, і ён павінен кантраляваць», – кажа Валянцін Лазарэнкаў, кампанія «За свой горад».

Ён і кантралюе – выпісвае штрафы, якія і так кладуцца на гарадскі бюджэт і падаткі тых, хто замест шпацыру па прыгожай набярэжнай вымушаны гуляць па месцы вечнага рамонту і разбурэння.

Алесь Залеўскі, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары