Аб'ектыў 22.03.2018 ВДВ РФ са спецназам РБ адпрацавалі захоп Беларусі


Скончылася актыўная фаза беларуска-расейскіх тактычных вучэнняў, што адбываюцца ва Ульянаўскай вобласці Расеі. Расейскія дэсантнікі і беларускі спецназ адпрацоўвалі міратворчую місію ва ўмоўнай дзяржаве Дамасія, дзе адбыліся сутычкі між войскамі і «умеранай апазіцыяй». Сцэнар вучэнняў выклікаў пытанні ў часткі беларускага грамадства.

Летась на Беларусь і Расею нападала ўмоўная Вейшнорыя. Сёлета суверэнная Дамасія папрасіла дапамогі ў Масквы і Менску ў сувязі з цяжкай унутранай абстаноўкаю. У Дамасіі армія супрацьстаіць умеранай апазіцыі, а сепаратысты і міжнародныя тэрарысты актывізаваліся з мэтаю разбурыць стабільнасць.

Вучэнні беларускіх Сілаў спецаперацыяў і расейскага ВДВ прайшлі каля Ульянаўску на палігоне 31-ай дэсантна-штурмавой брыгады. Агулам 600 вайскоўцаў з Беларусі і Расеі, 80 адзінак баявой і спецтэхнікі, верталёты і беспілотнікі – усё гэта для адпрацоўкі міратворчай місіі на падтрыманне незалежнай Дамасіі. Як піша часопіс Міністэрства абароны, «саюзнікі ведаюць, што мір будзе здабыты любым коштам».

Барацьба супраць тэрарыстаў і сепаратыстаў – апошнімі гадамі гэта даволі стандартны сцэнар для вучэнняў у розных краінах свету, адзначае Віталь Цыганкоў. Хіба што пра апазіцыю ў іншых краінах не кажуць у абавязкова пагрозлівым тоне.

«Вучэнні ў Расеі сёння адбываюцца па сцэнару не ўварвання замежнага агрэсара, бо нават там разумеюць, што гэта малаверагодна, а паводле двух варыянтаў: або сепаратызм, або тэрарызм. Думаю, у бліжэйшыя гады ў большасці краінаў менавіта такія варыянты будуць адпрацоўвацца на вучэннях», – кажа Віталь Цыганкоў, аглядальнік аглядальнік радыё «Свабода».

Вучэнні армейскага спецназу маюць свой палітычны ўплыў

Адпрацоўка маштабнай атакі з ужываннем бранятэхнікі, авіяцыі, флоту і тактычных ракетных комплексаў было летась, падчас вучэнняў «Захад-2017».

«Апошнія рухі афіцыйнага Менску ў бок нейкай лібералізацыі, нармалізацыі стасункаў з Захадам пакуль ніякім чынам не кранае ваеннага супрацоўніцтва Беларусі і Расеі, якое застаецца такім самым узроўні, і якое дазваляе тым жа самым ваенным экспертам НАТО заяўляць, што яны разглядаюць беларускае войска як частку расейскага. У геапалітычным сэнсе яно так і ёсць», – мяркуе Віталь Цыганкоў.

Калі беларускія вайскоўцы вучацца ў расейскіх вайсковых акадэміях, бяруць удзел у супольных вучэннях, яны яшчэ і пераймаюць светапогляд расейцаў. Тым больш такіх, як з 31-ай дэсантна-штурмавой брыгады.

«Нашая супольнасць «Інформнапалм» ужо вельмі шмат расследаванняў зрабіла за апошнія 4 гады, і на аснове фота-відэа сведчанняў даказаны непасрэдны ўдзел гэтых ульянаўскіх дэсантнікаў у агрэсіі супраць Украіны», – сцвярджае журналіст Дзяніс Івашын.

Ульянаўскія дэсантнікі прымалі ўдзел у захопе асноўных аб’ектаў Крыму, вайсковых частак, крымскага парламенту, абʼектаў сувязі. Яны ж ваявалі супраць украінцаў у Данецкай і Луганскай вобласцях. Каля Ілавайску некалькі расейцаў з Ульянаўску – кадравых вайскоўцаў – трапілі ў палон.

Улады Беларусі робяць выгляд, што не ведаюць пра ролю расейскіх вайскоўцаў у гібрыднай агрэсіі супраць Украіны. Даходзіць да абсурду – у 2014-ым годзе дэсантнікі з Пскова бралі ўдзел у парадзе на Дзень незалежнасці ў Менску. Тыя самыя, што захоплівалі Крым. Магчыма, нават на тых жа бронемашынах.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары