Васіль Быкаў – сумленне нацыі і нацыянальны прарок


Сумленне нацыі і нацыянальны прарок! 15 гадоў таму пайшоў з жыцця народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў. Яго кнігі перакладзеныя на чатыры дзясяткі моваў, а сам пісьменнік вылучаўся на нобэлеўскую прэмію.

Адзін з самых знакамітых у свеце беларусаў – народны пісьменнік Васіль Быкаў – нарадзіўся 19-га чэрвеня 1924-га года на Вушаччыне, прайшоў усю вайну. Пасля дэмабілізацыі жыў у Горадні, працаваў у газеце «Гарадзенская праўда», быў сакратаром абласнога аддзялення Саюзу пісьменнікаў.

«Вось ён ідзе па вуліцы раўнадушны да ўсяго, ён увесь час у сваіх гэтых пісанках, у сюжэтах, то бок ён увесь час ваяваў, па-мойму ён не выйшаў з вайны аж да смерці», – кажа пісьменніца Данута Бічэль.

Менавіта як пісьменніка-франтавіка, які ў надзвычай моцных вобразах паказваў жорсткую праўду пра вайну, пераважна і памятаюць яго беларусы.

Лёс Васіля Быкава складваўся нялёгка не толькі апошнімі гадамі. Пачалося цкаванне пісьменніка яшчэ ў 1966-ым.

«Калі яго шальмаваў савецкі партыйны друк, калі дакладныя ішлі ў ЦК КПСС, падпісаныя старшынямі кдб. І вось у той час Быкаў выступае на з’ездзе саюзу пісьменнікаў і кажа што пытанне стаіць так: або літаратура або не літаратура – сярэдзіны няма», – распавядае біёграф Быкава Сяргей Шапран.

Бескампрамісны ды максімальна шчыры

Васіль Быкаў зрабіў неацэнны ўнёсак не толькі ў нацыянальную літаратуру, але і ў нацыянальнае адраджэнне. Менавіта ён падтрымаў Зянона Пазняка, які раскрыў і распавядаў праўду пра расстрэлы ва ўрочышчы Курапаты. Быкаў стаўся адным з заснавальнікаў Беларускага народнага фронту і выступаў супраць Лукашэнкі яшчэ да таго, як той зрабіўся прэзідэнтам.

«Ён тады яшчэ на зары нашай незалежнасці гаварыў што можа адбыцца вяртанне неасталінізму і ягоныя змрочныя прароцтвы спраўджваюцца», – узгадвае паэт Сяргей Законнікаў.

Пасля таго як улады Беларусі фактычна выжылі пісьменніка з краіны, Васіль Быкаў жыў у Фінляндыі, Нямеччыне, Чэхіі. У 2003-ім у Празе ачоліў Усебеларускі камітэт святкавання гадавіны БНР. Гэта быў апошні публічны выступ пісьменніка.

У траўні 2003-га Быкаў з Прагі, дзе жыў і лекаваўся, разам з жонкаю прыехаў у Менск. Планавалі ненадоўга, аказалася – назаўсёды. Апошнія дні пісьменнік правёў у анкалагічнай клініцы ў Бараўлянах.

«Калі Бураўкін запытаўся што ты тут робіш – рыхтуюся да сустрэчы з богам. І Бураўкін адзначыў што сказаў ён гэта не сумна, а з усмешкай як пра нешта вырашанае», – кажа Сяргей Шапран.

Пасля смерці Быкава ўлады імкнуліся паказаць, што аніякага цкавання і канфлікту з пісьменнікам не было. Але і сёння кнігі Быкава выдаюць незалежныя выдавецтвы, фільмы здымаюць не дзяржаўныя кінастудыі, а ў сталіцы няма ані вуліцы імя Быкава, ані помніку творцу.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»