Аб'ектыў 14.03.2018 Валейбалісткі «Мянчанкі» разбілі немак са «Штутгарту»


Валейбол

Першы матч паўфінальнай серыі Кубка ЕКВ удала правялі валейбалісткі «Мянчанкі». У гасцях беларускі клуб у няпростым двубоі дабіўся вікторыі над нямецкім «Штутгартам», а для выяўлення пераможцы спатрэбілася згуляць усе 5 сэтаў.

Першую партыю мы, скажам так, падарылі апаненткам – 15:25, а ў другой ужо былі мацнейшыя – 25:22. Трэці сэт застаўся за гаспадынямі 25:21, а ў чацвёртым ужо нашыя дзяўчаты грамяць немак 25:11. Вырашальная партыя за «Мянчанкаю» з вялікім адрывам 15:8. На шматлікія атакі гаспадароў мы адказвалі выдатнымі дзеяннямі нашых цэнтральных блакавальніцаў Анжэлікі Барысевіч і Надзеі Уладыкі. Менавіта апошняя і стала самаю выніковай у нашым складзе, на рахунку Надзеі 19 балаў. Матч у адказ адбудзецца ў менскім Палацы спорту ва Уруччы 20-га сакавіка.

Футбол

Берасцейскае «Дынама» з перамогі распачало супрацьстаянне ў межах 1/4-ай фіналу Кубка краіны па футболе. На сваім полі «бела-блакітныя» сёння не пакінулі шанцаў «Слуцку» і нанеслі паразу з сухімі лічбамі на табло 2:0.


Першую сенсацыю на стадыі 1/8-ай фіналу футбольнай Лігі чэмпіёнаў прынёс «Манчэстэр Юнайтэд», які паводле сумы дзвюх сустрэчаў пакідае турнір. Спачатку «манкуніянцы» ў гасцях распісалі нулявую нічыю з «Сэвілляй», а на «Олд Трэфард» і наагул саступілі 1:2. У другім супрацьстаянні за бортам Лігі застаўся данецкі «Шахцёр». Гарнякі ў стартавай сустрэчы ўдома перамаглі італьянскую «Рому» 2:1, а затым у Рыме саступілі 0:1, і за конт гола забітага «Ромай» у гасцях яна і прабілася ў чвэрцьфінал.

Гандбол

Былы настаўнік БГК імя Мяшкова Жэлька Бабіч, які цяпер трэнуе славенскае «Гарэне», са сваёй новаю камандай нанёс мінімальную паразу, 33:32, былому клубу. Мяшкоўцы, саступіўшы ў гасцях славенцам 28:37, удома ў перадапошнім туры СЕГА-лігі спадзяваліся на рэванш, аднак не атрымалася.

Дзмітрый Сухановіч, «Белсат», фота: vk.com/vc.minsk

Глядзі таксама
Каментары