Аб'ектыў 24.08.2019 Валанцёры дораць надзею хворым на анкалогію


«Мерыдыян надзеі» адчыніў свае дзверы ў Гомлі. Цэнтр сацыяльна-псіхалагічнай дапамогі хворым на анкалогію ды іхным сваякам запрасіў усіх ахвотных, якія маюць або хочуць здабыць досвед у добраахвотніцкай дзейнасці.

«У чым ідэя? Узнікла стойкая ўпэўненасць у тым, што людзі часамі баяцца, саромеюцца падысці, лішні раз запытаць, а падгледзець, убачыць часамі ўсё ж хочацца. Вось таму сёння ў нас усё расчынена. Можна падысці, задаць любое пытанне, штосьці з намі парабіць, павырабляць і неяк наблізіцца, пазнаёміцца», – кажа Вольга Ачарэтная, кіраўніца раганізацыі «Мерыдыян надзеі».

Дзверы адчыненыя для ўсіх, але менш утульным ад гэтага месца не становіцца. Шмат людзей, прыходзячы сюды, знаходзяць у сабе тое, пра што раней нават не здагадваліся.

«Мне здаецца, мы ствараем тую бяспечную прастору, дзе можна прыйсці, схавацца спачатку, а потым расцвісці. Зрабіцца крыху лепшым за сябе ўчорашняга», – распавядае Вольга Ачарэтная, кіраўніца раганізацыі «Мерыдыян надзеі».

Тут можна вязаць, займацца рукадзеллем, вышываць або ствараць дробныя вырабы накшталт паштовак. Ёсць пры цэнтры і творчыя гурткі з эматыўным тэатрам асацыяцыяў ды інтуітыўным жывапісам. Ладзяцца кірмашы, дабрачынныя канцэрты. Гэта таксама від групавой псіхалагічнай тэрапіі.

«Я ішла па Ірынінскай вуліцы і проста на дзвярах была аб’ява: цяпер праводзіцца справаздачны канцэрт дабрачыннага фонду «Мерыдыян надзеі». Я проста выпадкова туды зазірнула і там ужо засталася», – распавядае Людміла, валанцёрка.

Валанцёры ўзялі своеасаблівае шэфства над аддзяленнем мамалогіі Гомельскага а́нкадыспансЭру. Наведваюць, камунікуюць з дактарамі і пацыентамі, збіраюць грошы на рамонт і абсталяванне. Як адзначаюць псіхолагі, анкалогія – адна з самых стыгматызаваных, то бок абчэпленых ярлыкамі, хваробаў. Нават у асяродку лекараў існУе страх перад такімі пацыентамі.

«Псіхолагі дапамагаюць такім людзям зразумець, што хвароба – гэта яшчэ не прысуд. Дакладней, зусім не прысуд. Гэта проста змяненне прывычнага ладу жыцця. То бок хвароба як бы пераструктуруе чалавечае жыццё», – кажа Раман Дарашэнка, псіхолаг, валанцёр.

У анкадыспансэрах амаль не аказваюць псіхалагічнай дапамогі пацыентам, сцвярджаюць валанцёры. Хаця акурат гэтай катэгорыі хворых яна патрэбная больш за ўсё.

«Тут трэба проста ўзяць сябе ў рукі, быць увесь час на пазітыве, не адварочвацца, як адварочваліся некаторыя, калі я першы раз хварэў, да сцяны і паміралі праз два-тры месяцы», – узгадвае Віктар Ігнацьеў, пацярпелы ад чарнобыльскай катастрофы.

Віктар Ігнацьеў перамог рак, што праўда, праз некаторы час хвароба вярнулася ізноў. Але і гэтым разам Віктар здавацца не збіраецца.

Сцяпан Святлоў belsat.eu

 

Глядзі таксама
Каментары