Валанцёры дораць дзецям свята на Ўсходзе Украіны


Група ўкраінскіх валанцёраў з Харкава дорыць дзецям Луганшчыны калядны цуд. Яны збіраюць лісты да Дзеда Мароза і спаўняць дзіцячыя мары пры падтрыманні неабыякавых людзей.

«У нашай базе 1254 дзяцей. Дарыльшчыкі ўжо набылі падарункі для 715 дзяцей. 539 яшчэ чакаюць. Мы ўсё яшчэ шукаем чараўнікоў», – кажа валанцёрка Іна Ачкасава.

Валанцёры кажуць, што часцяком падарункі для гэтых дзетак маюць не толькі забаўляльнае значэнне – некаторыя рэчы сапраўды неабходныя ў жыцці.

«Дзеці – гэта дзеці. Яны хочуць цацкі. Яны хочуць розныя гэджэты. Яны хочуць ровары. Ёсць некаторыя паселішчы, напрыклад, Крымскае, дзе няма аўтобуса. Проста няма аўтобуса. І ровар – гэта сродак транспарту. Але далёка на ім усё роўны не заедзеш, бо блокпасты. Мы павінныя разумець, якое дзяцінстве ў гэтых дзяцей» – распавядае валанцёрка Яўгенія Леванштэйн.

Вайна на ўсходзе Украіны цягнецца ўжо 4 гады – гэта ўзрост некаторых дзяцей, прысутных на свяце. Ад гэтага яшчэ больш важная праца калядных валанцёраў: яны кажуць, што сваёй дзейнасцю хочуць паказаць дзеткам небяспечнага рэгіёну – мары могуць збывацца.

Ян Вярбіцкі belsat.eu