Вакансіі ад улады аштрафаваным у мінулым чыноўнікам


«Барацьба з карупцыяй, разгром мафіёзных структураў, якія кіруюць у дзяржаве». Гэта – вытрымка з праграмы кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі, якая датуецца 1994-м годам. За 24 гады выканаць уласных абяцанняў так і не атрымалася. Чарговы карупцыйны скандал у Беларусі, гэтым разам у Жодзіне. Калі ж чакаць канчатковай перамогі над нячыстымі на руку чыноўнікамі?

Выкарыстоўваў для ўласных патрэбаў працу гарадскіх камунальных службаў, пішуць медыі. За падазрэнне ў карупцыі праваахоўнікі затрымалі кіраўніка Жодзінскага гарвыканкаму Юрыя Шарага. 57-гадовы чыноўнік займаў пасаду з 2016-га года. Жыхары Жодзіна распавялі:

«У цэнтры ўсё добра, але як зайсці ў двары – як было ўсе зламана, гэтак і засталося».

«Так, у нас горад прыгожы. Але што да асабістых пытанняў, то яны, чыноўнікі, нібыта не за нас, а супраць».

Падрабязнасці крымінальнай справы, распачатай у дачыненні Юрыя Шарага, пакуль не вядомыя. Ягонае затрыманне – чарговы сёлета карупцыйны скандал з удзелам буйнога чыноўніка.

Перамагчы карупцыю Аляксандр Лукашэнка абяцаў, калі яшчэ ўпершыню высоўваўся кандыдатам у прэзідэнты. Аднак амаль за чвэрць стагоддзя скарыць яе гэтак і не атрымалася.

«Гэта тое, што яму давала бонусы ў 94-м годзе. Але цяпер, калі людзі гавораць пра Лукашэнку, у іх не ўзнікае асацыяцыі, што гэты чалавек змагаецца з карупцыяй. Раней дапамагала, калі ён саджаў тых або іншых чыноўнікаў, а цяпер і гэта не спрацоўвае», – гаворыць палітык Анатоль Лябедзька.

Адзінкі сядаюць у турму, аднак большасць застаецца на месцах. Барацьба з карупцыяй – суцэльная паказуха і частка вялікай гульні, сцвярджае дэпутат Палаты прадстаўнікоў 2-га склікання Сяргей Скрабец:

«Гэтак пабудавана сістэма ўлады: чалавек мусіць выконваць загады, і за гэта яму дазваляецца красці да пэўнага моманту. Калі прыхаваў частку накрадзенага, то яго саджаюць у турму».

Нават калі схапілі на гарачым, адкладаць партфеля далёка не трэба. Сяргей Скрабец, былы дэпутат Вярхоўнага Савету, распавядае:

«Яны пішуць прашэнні аб памілаванні, выплачваюць шкоду, сядзяць не больш за год і вяртаюцца, вядома, на пасады ніжэйшыя: кіраўнікамі калгасу ці банку. Красці там ужо не зможаш, але зарабіць – так».

Паводле Сяргея Скрабца, мяняць гэтую сістэму ўлады не збіраюцца: лепш уладкаваць на працу аштрафаванага, але лаяльнага чыноўніка, чым набіраць у вертыкаль новых людзей з вуліцы.

Міхась Ільін, belsat.eu