Вайсковыя могілкі: ці надоўга пракуратура стрымае разбурэнне


Дзякуючы Генеральнай пракуратуры працы на Вайсковых могілках у Менску прыпыніліся. Але ці доўга пракуратура зможа стрымліваць Менгарвыканкам – невядома.

Яшчэ напярэдадні, нягледзячы на прадпісанне пракуратуры, працы на могілках працягваліся. А валанцёры, якія бароняць гістарычную спадчыну, зладзілі прагляд дакументальнай стужкі паэта і драматурга Сяргея Грахоўскага.

Працы над тым, што Менгарвыканкам лічыць добраўпарадкаваннем Вайсковых могілак, а грамадскія актывісты называюць руйнаваннем жывой гісторыі, расцягнуліся ўжо на два месяцы. Сёння першы дзень, калі тут не чуваць, як пілуюць надмагільныя агароджы.

«Вайсковыя могілкі – гэта жывая гісторыя. Адная справа пасядзець у архівах, іншая справа прыйсці ды пабачыць пачуцці людзей, якія жылі 100, 80, 30 гадоў таму. Усе гэтыя эпітафіі, помнікі, усё кажа пра мысленне і свядомасць беларусаў. Страціць такі помнік – гэта занадта вялікая раскоша для беларусаў», – кажа валанцёрка Вайсковых могілак Кацярына Парыжаская.

Дзеянні камбінату не адпавядаюць дзейным нарматыўным актам, кажа Кацярына Парыжаская. Яна ж удакладняе, што валанцёры дакументуюць, фатаграфуюць могілкі, якія руйнуюць працаўнікі спецкамбінату камунальна-бытавога абслугоўвання:

«Ні закон аб пахаваннях, ні закон аб гістарычна-культурнай спадчыне… у першую чаргу на гэта трэба звяртаць увагу. Апроч таго, трэба прыходзіць да нас, а мы будзем фатаграфаваць, фарбаваць, рабіць тое, што не робіць Спецкамбінат, каб мы маглі захаваць гэты ўнікальны помнік беларускай свядомасці».

Валанцёры, якія цяпер бароняць Вайсковыя могілкі, не выпадкова, як кажуць, падышлі да тэмы. Раней тут арганізоўвалі экскурсіі па адным з галоўных сталічных некропаляў. А напярэдадні прайшла своеасаблівая віртуальная экскурсія з дапамогаю стужкі Сяргея Грахоўскага.

Свой дакументальны фільм пра Вайсковыя могілкі Сяргей Грахоўскі зняў у 1992 годзе. Яшчэ ў 30-ыя Грахоўскага асудзілі за контррэвалюцыйную дзейнасць, але пасля рэабілітавалі. Напэўна, як ніхто іншы, Грахоўскі разумеў, чаму важна захоўваць спадчыну пра тых, хто ўжо не можа нічога пра сябе распавесці.

Відэакасету з фільмам пра Вайсковыя могілкі Грахоўскі перадаў дачцэ Таццяне. На пачатку 1990-ых у іх не было нават відэамагнітафона, каб паглядзець фільм. На сядзібе ТБМ прэзентавалі ўжо адлічбаваную версію.

«Літаральна побач месца, дзе мы глядзім (фільм), і Вайсковыя могілкі. Пасля гэтага запісу людзі могуць пайсці ды наўпрост убачыць магілы, пра якія распавядае Сяргей Грахоўскі», – распавядае сакратар грамадскай назіральнай камісіі аховы помнікаў пры Міністэрстве культуры Павел Каралёў.

Добраўпарадкаванне тут пачалося з пілавання дрэваў, але пасля на месцаў старых надмагілляў пачалі з’яўляцца аднолькавыя пліты. Актывісты цвердзяць, што працы праводзяцца без аніякага праекту.

«Вельмі дзіўная пазіцыя Міністэрства культуры: яно нібыта спачатку пагадзілася, што не дало дазволу, пасля сказалі ў Мінкульце, што ўсё нязграбна, але не бачым ніякіх праблемаў. Іншыя людзі бачаць праблему і грамадскі рэзананс гэта таксама вялікая, добрая справа», – кажа старшыня менскага філіялу Таварыства беларускай мовы Аляксандр Далідовіч.

Другі паводле значнасці ды самы стары сталічны некропаль, Кальварыйскія могілкі, плануюць добраўпарадкаваць налета. І актывісты ўжо цяпер заклікаюць улады не паўтараць сваіх памылак.

Аркадзь Несцярэнка, belsat.eu