Вайна з тэлеграм-каналамі


«Зараз знаходжуся на літоўскай мяжы, то бок на пашпартным кантролі, і чакаю дазволу на прадстаўленне мне прытулку», – распавёў нам па відэа-сувязі Андрэй Бодзілеў.

Актывіст і блогер з Магілёва, адміністратар тэлеграм-каналу і чату «Свободный беларус», Андрэй Бодзілеў экстранна пакінуў родную краіну. Бо 16 снежня Андрэя жорстка затрымалі невядомыя ў масках, адвезлі на допыт у ГУБАЗіК, а ўдома правялі ператрус. Заставацца ў Беларусі Бодзілеў палічыў небяспечным для свайго жыцця.

«Дарэчы, чат мой выдалілі, як і тэлеграм-канал мой таксама выдалілі цалкам. Пасля вобшуку, не маючы ніякіх доказаў і нічога не знайшоўшы, мяне адпусцілі. Аднак супрацоўнік папярэдзіў, што лепей не казаць, не распавядаць асабліва пра маё збіццё», – так сказаў Андрэй Бодзілеў.

Падобная гісторыя здарылася і з адміністратарам тэлеграм-каналу «Правовой Могилёв» ды суполкі «АБФ» Сяргеем Тышкаўцом. З ім працавалі паводле той жа схемы: жорсткае затрыманне, допыт у ГУБАЗіКу, ператрус удома.

«У супрацоўнікаў ГУБАЗіКу было меркаванне, што я маю дачыненне, як адміністратар ці стваральнік чатаў, да дэструктыўнай нейкай накіраванасці ці апазіцыйнай накіраванасці, вяду нейкую дэструктыўную дзейнасць, арганізую падпалы і да таго падобнае. Хаця ні да чаго гэтага я не маю дачынення», – распавёў актывіст Сяргей Тышкавец.

Пасля ператрусу ў Сяргея забралі ноўтбук. Каналы, у якіх Сяргей быў адміністратарам, спачатку пераназвалі, а пасля выдалілі. Блогера ж адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.

«На мяне ўздзейнічаюць маральна, псіхалагічна і фізічна – каленам на шыю, каб прынізіць маю грамадзянскую актыўнасць», – каментуе Сяргей Тышкавец.

Гэтых блогераў яднае статус – яны праходзяць сведкамі ў крымінальных справах, звязаных з дэструктыўнымі дзеяннямі накшталт блакавання дарог ці падпалаў. Хаця доказы віны ці хаця бы датычнасці да гэтых дзеянняў адсутнічаюць.

«У міліцыі ёсць права затрымліваць людзей, але для таго, каб скарыстацца сваім правам на затрыманне, на допыты, неабходны падставы. І вось яны высмоктваюць з пальца гэтыя падставы. Прычым іх затрымліваюць, называюць сведкамі, а затрымліваюць, як злачынцаў», – кажа праваабаронца Магілёўскай «Вясны» Барыс Бухель.

Па ўсім відаць, што мэта сілавікоў – кантроль над тэлеграм-каналамі. Не выпадкова ў блогераў забіраюць тэхніку і выдаляюць інтэрнэт-пляцоўкі.

Вольга Васільева, «Белсат»