Аб'ектыў 25.08.2019 Вайна, Пуцін, мыта на віно ды аўто. Пра што размаўлялі лідары G7?


«Нам трэба зрабіць шмат у гэтыя выходныя», – заявіў прэзідэнт Злучаных Штатаў, пасля таго, як прыбыў у французскі горад Біярыц. Тут, на ўзбярэжжы Атлантыкі, праходзіць саміт Вялікай сямёркі – групы найбуйнейшых эканомік дэмакратычнага свету.

Доналд Трамп, Прэзідэнт ЗША: «Апошнім часам, шчыра кажучы, мы мелі недастаткова добрыя стасункі, але нашыя дачыненні – вельмі добрыя. Я б сказаў, гэта выключныя дачыненні».

Дачыненні Злучаных Штатаў і Еўразвязу пагоршыліся пасля таго, як Францыя ўвяла падатак на лічбавыя паслугі, які ўдарыў па амерыканскіх ІТ-кампаніях. ЗША ў адказ хочуць павысіць мыта на французскае віно, а разам і на нямецкія аўтамабілі. Акрамя гандлю, лідары Вялікай сямёркі стараюцца прыйсці да згоды ў вырашэнні міжнародных канфліктаў.

Эманюэль Макрон, Прэзідэнт Францыі: «Лівія, Сірыя, Паўночная Карэя, Украіна і Іран».

Канфрантацыя паміж Іранам і ЗША ўзмацнілася пасля таго, як Вашынгтон выйшаў з гэтак званай «ядравай угоды» з Тэгеранам і ўвёў супраць яго санкцыі. Еўразвяз пагаднення з Іранам не разрываў.

Эманюэль Макрон, Прэзідэнт Францыі: «Ніводны сябра Вялікай сямёркі не жадае, каб Іран атрымаў ядравую зброю. Адначасова мы хочам захаваць мір і стабільнасць у рэгіёне. У гэтым кантэксце кожны з нас агучыў свае ініцыятывы. Ініцыятывы агучылі я і прэм‘ер Японіі Сіндзо Абэ».

Апошні, у сваю чаргу, занепакоены тым, што Злучаныя Штаты не рэагуюць на выпрабаванні ракетаў, якія ўзнавіў Кім Чэн Ын.

Доналд Трамп, Прэзідэнт ЗША: «Я не ўсцешаны гэтым, але гэта не парушэнне нашых дамоўленасцяў. Мы працягваем камунікаваць. Я атрымаў вельмі прыемны ліст ад яго тыдзень таму».

Не абмінула Вялікая сямёрка і тэму брэкзіту. Ад прэзідэнта ЗША брытанскі прэм‘ер дабіваўся як мага больш выгаднай дамовы аб гандлі – на выпадак, калі Лондан 31-га кастрычніка ўсё-такі пакіне аб‘яднаную Еўропу. З Еўразвязам Борыс Джонсан хоча захаваць як мага больш шчыльныя палітычныя адносіны.

Борыс Джонсан, Прэм’ер Вялікай Брытаніі: «Мы правялі большую частку нашых перамоваў у духу згоды ў большай частцы ўзнятых пытанняў – ці гэта свабода гандлю, ці Расея, ці Іран».

Іран, як аказалася – не адзіная краіна, адносна якой пазіцыя Еўразвязу адрозніваецца ад пазіцыі Доналда Трампа. Амерыканскі прэзідэнт чарговы раз прапанаваў запрасіць на сустрэчу лідараў дэмакратычнага свету і расейскага кіраўніка.

Доналд Трамп: «Мы насамрэч абмяркоўвалі гэта. Мы правялі вельмі важную дыскусію наконт Расеі, прэзідэнта Пуціна. Гэта была ажыўленая дыскусія, але вельмі добрая. Гэта сапраўды магчыма, пабачым».

З ідэяй запрасіць Уладзімера Пуціна на наступны саміт Вялікай сямёркі ў ЗША Доналд Трамп выступіў 20-га жніўня. Вярнуць Расею ў шэрагі клубу, пакуль яна не верне Украіне Крым і Данбас, будзе прыкметай слабасці і стратэгічнай памылкай – адказаў тады гаспадар сёлетняга саміту Эманюэль Макрон.

Аляксандр Папко, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары