Ваенкамат зможа забараніць выезд за мяжу


Палата прадстаўнікоў у другім чытанні зацвердзіла новае заканадаўства аб прызыве. Сёння ж законапраект ухвалілі і ў Савеце Рэспублікі. Неўзабаве – пасля подпісу Лукашэнкі – адтэрмінаванні з прычыны вучобы можна будзе ўзяць толькі адзін раз. А ваенкамат зможа забараніць выезд за мяжу нават тым, хто не атрымае позву.

Палата прадстаўнікоў зацвердзіла змены ў заканадаўства аб прызыве ў другім чытанні – без дыскусіяў і ў паспешным тэмпе. У сераду супраць законапраекту прагаласавалі шасцёра дэпутатаў, сёння – дзевяць.

«Ну не колькасцю жаўнераў сёння вызначаецца баяздольнасць арміі! Гэта павінныя быць высокатэхналагічная зброя, пісьменныя, навучаныя людзі», – кажа Ганна Канапацкая.

Папраўкі да закону прапанавала толькі адна дэпутатка – Ганна Канапацкая, але на галасаванне іх не вынеслі, бо каб Палата магла пра іх дыскутаваць, трэба прасіць дазволу кіраўніка краіны. Змякчыць нічога не ўдалося, зрэшты, яшчэ ў сераду ў Авальнай зале прагучала адваротная прапанова – павысіць прызыўны ўзрост з дваццаці сямі да сарака гадоў.

«У сорак гадоў мужык кулаком сцяну павінен яшчэ праламаць і не заўважыць гэтага», – заявіў у інтэрв’ю «Нашай ніве» чалец Палаты прадстаўнікоў Мікалай Расоха.

Што праўда, сам спадар Расоха служыў усяго тры месяцы – на зборах пасля атрымання вышэйшай адукацыі.

Абурэнне новымі зменамі ўсё яшчэ застаецца толькі ў інтэрнэце і, як кажуць, на кухнях. Тым не менш, на фоне грамадскага рэзанансу Міністэрства абароны выдала адмысловы камунікат. У ім гаворка аб прэферэнцыях, якія будуць належаць тым, хто адслужыў у прызыве.

У прыватнасці, у сферы адукацыі Міністэрства абароны прапаноўвае даваць прыярытэт пры залічэнні ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы, права выбару пры размеркаванні ды навучанне на падрыхтоўчых аддзяленнях за кошт бюджэту.

Таксама Мінабароны хоча вярнуць залічэнне службы ў рэзерве ў працоўны стаж. Калі гэта ўсё будзе – невядома.

Аб прапановах міністэрства мы запыталі менчукоў прызыўнога ўзросту:

«Пачынаюць прывабліваць такімі плюшкамі, мне падаецца, гэта ўсё роўна лепш. У кожным разе ў войска трапіш. Іншая справа, ці будзе ад гэтага нейкая карысць».

«Мяне нішто не зацікавіць. Войска ўжо не тое, перспектываў – ніякіх. Паўтара года праседжваць порткі ў войску нікому, я думаю, не захочацца».

«Я думаю, складана будзе зацікавіць ісці ў войска. Гэта мая пазіцыя».

«Я думаю, гэта ўжо ад самога чалавека залежыць. Наколькі гэта яму трэба служыць у войску, наколькі ён захоча».

Вось толькі служба ў войску ў нашай краіне справа не добраахвотная.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат», фота – Forum / Reuters