Вадохрышча выявіла самых адважных вернікаў


Купанне ў зімовай палонцы не мае нічога агульнага з царкоўнымі канонамі.

Урачыстыя працэсіі, асвячэнне палонак і купанне ў зімовай вадзе зрабіліся абавязковымі атрыбутамі праваслаўнага Вадохрышча. Да палонкі ў гэты дзень прыходзяць не толькі святкаваць, але пабачыць і пачуць самых адважных – вернікаў гомельскага сабору Пятра і Паўла.

Вадохрышча хрысціянскі свет адзначае на ўспамін урачыстага хрышчэння Сына Божага ў рацэ Іярдан. Аднак купанне ў зімовай палонцы – традыцыя сучасная і не мае нічога агульнага з царкоўнымі канонамі.

«Калі чалавек хоча ў гэты дзень пайсці і пакупацца ды думае, што ён робіць нешта святое і богаўгоднае, за што можа атрымаць ад Бога літасць ці ўзнагароду, то гэтая ідэя няправільная», – кажа клірык Менскага Свята-Духава кафедральнага сабору, айцец Сяргей Гадун.

Царква заклікае святкаваць вадохрышча перадусім духоўна: пост напярэдадні, малітва, споведзь і прычасце.

Абавязковым атрыбутам святкавання Вадохрышча ёсць таксама свянцоная вада. Каб набраць свянцонай вады, вернікі гатовыя трываць чэргі і студзеньскі холад.

У Свята-Духавым кафедральным саборы ў Менску ваду асвячаюць падчас кожнай урачыстай службы. А некаторыя старэйшыя вернікі сцвярджаюць, што ў гэты дзень уся вада ў вясковых студнях і нават гарадскіх кранах – свянцоная. Гавораць вернікі Менскага Свята-духава кафедральнага сабору.

Сакраментальнасць вады, свянцонай у царкве на Вадохрышча, неаспрэчная.

«І напярэдадні, і ў сам дзень свята асвячаецца вада – і мы верым, што гэтая вада святая. Мы яе набіраем, мы яе захоўваем дома, акрапляем нашае жытло. І гэта рабіць трэба», – дадае Сяргей Гардун.

Вадохрышча азначае, што святкаванне Раства Божага – завершанае.

Галіна Абакунчык/«Белсат», фота – Наталля Фядосенка/ТАСС/Forum