Ва Украіне растуць заробкі. Ці вернуцца працоўныя мігранты?


Працоўная міграцыя ўкраінцаў набыла вялізарны маштаб, хоць і не існуе адзінай сістэмы, здольнай палічыць усіх мігрантаў. Яшчэ вясной прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заклікаў «зарабітчанаў» і эмігрантаў вяртацца ва Украіну, прывозіць свой каштоўны досвед. Праз паўгода Дзяржстат канстатаваў прыкметны рост заробкаў. Ці будзе гэтага дастаткова, каб вярнуць працоўную сілу?

Уладзіслаў працуе кухарам у кіеўскім рэстаране. Ён задаволены сваім заробкам, ніколі не працаваў за мяжою і прызнаецца, што нават не збіраецца:

«Людзі шукаюць лягчэйшага шляху, але яго цяжка знайсці за мяжою. Прасцей усё знайсці ва Украіне. Калі галава ёсць на плячах, і рукі растуць з правільнага месца, можна працаваць у Кіеве».

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Паводле Дзяржаўнай службы статыстыкі Украіны сярэдні намінальны заробак штатнага працаўніка ва Украіне за год вырас амаль на 16,4 %, склаўшы ₴ 10 727, гэта значыць, прыкладна $ 450. У Кіеве гэты паказнік яшчэ на 5 тысяч грыўняў большы. Рост заробкаў мінакі на вуліцах сталіцы каментуюць так:

«Заробкі растуць і лепш людзі жывуць – гэта розныя рэчы. Ну, можа, трошкі і выраслі. Так».

«Кампанія штогод павышае заробак. Так».

«Не! А кошты як выраслі! Не, няпраўда».

«Заўсёды ёсць чаго больш хацець, але пакуль што я задаволеная сваёй працай і, можна сказаць, што заробкам таксама я задаволеная».

Эканамісты тлумачаць: прычынаю росту стала павелічэнне мінімальнага заробку папярэднім урадам, скарачэнне Адзінага сацыяльнага ўнёску – агульнага падатку для прадпрымальнікаў, а таксама памяншэнне колькасці насельніцтва працаздольнага ўзросту, у тым ліку з прычыны міграцыі.

«Працадаўцы, калі сутыкаюцца з дэфіцытам працоўнай сілы, вымушаныя падымаць заробак, – кажа эканамістка, выкладчыца Кіеўскай школы эканомікі Вольга Купец. – Іншае пытанне, якім чынам, за кошт чаго гэта адбываецца. Гэта можа быць рост прадуктыўнасці – і такі варыянт найлепшы, або перакладанне росту выдаткаў на спажыўцоў – тады гэта будзе стымуляваць інфляцыю».

У кожнай дзясятай украінскай сям’і хаця б адзін чалавек працуе за мяжой. Паводле даследавання, праведзенага кампаніяй «Info Sapiens», больш за мільён украінцаў працуюць у іншых краінах. Пры гэтым у Міністэрстве сацыяльнай палітыкі налічылі больш за 3 мільёны працоўных мігрантаў і да 9 мільёнаў часовых работнікаў – палічыць усіх мігрантаў практычна немагчыма, бо няма адзінай сістэмы.

Больш за ўсё ўкраінцы хочуць атрымаць працу ў Нямеччыне. Наступная паводле прывабнасці – Польшча, дзе сярэдні заробак ледзь не ў тры разы перавышае ўкраінскі. Далей у спісе – Чэхія, Італія, Канада. 9 адсоткаў рэспандэнтаў у якасці жаданай краіны для працы назвалі Расею. Аднак у параўнанні з мінулым годам зацікаўленасць у працы там падае.

Пры гэтым, выязджаючы на сезонную, часовую працу, украінцы працягваюць карміць сваю краіну. Летась, працуючы за мяжой, людзі перадалі ва Украіну $ 10,88 млрд, што складае больш за 8 % гадавога ВУП краіны. Гэтая частка мігрантаў зарабляе, каб у канчатковым выніку вярнуцца дадому. Але ёсць і іншая катэгорыя, тлумачыць Вольга Купец:

«Другая частка мігрантаў – гэта больш высока кваліфікаваныя працаўнікі, якія выязджаюць за мяжу семʼямі. Гэта падвойныя страты, бо яны выязджаюць самі ды вывозяць дзяцей. Але іх не вернеш заробкамі, для іх важныя ўмовы жыцця, камфорт».

Гэтую катэгорыю работнікаў вярнуць ва Украіну зможа хіба што стварэнне пазітыўнага асяроддзя для бізнесу і працоўных месцаў у высокакваліфікаваных галінах. Што, у сваю чаргу, і абяцае цяперашні ўрад.

Адэля Дубавец belsat.eu