Ва Украіне распаўсюджваецца неаб'яўленая эпідэмія адру


Кіеў – адное з месцаў найбольшай захворвальнасці. З пачатку года на адзёр тут захварэлі больш за 2 з паловаю тысячы чалавек. Для параўнання – прыкладна столькі ж выпадкаў захворвання ў 2017-ым было зарэгістравана па ўсёй тэрыторыі Украіны. А ў 2016-ым хворых на адзёр была ўсяго сотня.

«Першыя сімптомы адру я адчула першага снежня, цяпер шосты дзень хваробы, я ўжо адчуваю сябе добра. Да гэтага давялося прайсці праз пекла. Першыя чатыры дні няма высыпанняў, толькі вельмі высокая тэмпература, моцныя дрыжыкі, як моцная прастуда», – распавядае Алена Кудрашова, жыхарка Кіеву.

Лекары падкрэсліваюць, што адзёр – надзвычай заразная хвароба. 9 з 10 асобаў, з якімі кантактаваў інфікаваны чалавек, захварэюць. Калі папярэдне яны не былі прышчэпленыя. Таму, апроч сталіцы, зоны небяспекі – Заходняя Украіна і Адэса – тэрыторыі, найменш ахопленыя планаваю вакцынацыяй. Сёлета ад адру ва Украіне памерлі 15 чалавек.

«Самае страшнае, што ад гэтага можна было абараніцца. Калі б усе правільна і своечасова рабілі тое, што рабілі раней. Напрыклад, калі я вучылася ў медычным, я ніколі на свае вочы не бачыла адру, за 10 гадоў працы потым ні разу не бачыла. А сёння мы ўсё маем – і адзёр, і слупняк, і дыфтэрыю», – кажа Ала Пугач, сямейная доктарка, клініка «Добродій».

Папярэдняя вакцынацыя – адзіны спосаб пазбегчы эпідэміі ды спыніць адзёр. Бо лекаў ад гэтай небяспечнай хваробы не існуе. У Міністэрстве аховы здароўя Украіны называюць імунізацыю пытаннем нацыянальнай бяспекі. Бо здароўе кожнага залежыць ад узроўню ахопу прышчэпкамі ў краіне. Дзеля калектыўнага імунітэту неабходна, каб узровень вакцынацыі дасягаў 95–98 %. Пакуль жа да гэтай лічбы яшчэ далёка.

«Адзёр варта было б не гасіць, як пажар, а папярэджваць. Тут праблема і з прапагандаю вакцынацыі, данясеннем правільнай інфармацыі. Праблема і з колькасцю вакцынаў, тут ёсць праблема фінансавання. Дзяржава не можа закупіць тую колькасць вакцынаў, што патрэбная, у адзін момант. Гэта трэба рабіць загадзя», – гаворыць Ірына Андрыяш, ГА «Бацькі за вакцынацыю».

Арганізацыя «Бацькі за вакцынацыю» – прыклад таго, як інфармаваннем пра карысць прышчэпак і небяспеку іх унікання займаюцца ў грамадскай сферы. Тут кажуць, што безвакцынавы 2016-ты і наступны рэзкі рост захворванняў на адзёр зрабілі сваё ў масавай свядомасці.

«Стаўленне людзей значна лепшае, чым было год ці два таму. Колькасць людзей, якія цяпер гавораць пра разуменне неабходнасці прышчэпак, вырасла, такіх цяпер каля 70 %, згодна з сацапытаннямі», – тлумачыць Ірына Андрыяш.

У Беларусі пакуль выпадкі заражэння адром застаюцца адзінкавыя і найчасцей датычаць людзей, якія не рабілі прышчэпак. Ад адру трэба прышчэплівацца двойчы – у год і ў шэсць гадоў. Дарослыя, якія не памятаюць пра свае прышчэпкі, могуць праверыць наяўнасць імунітэту праз аналіз крыві. Непрышчэпленыя асобы перабываюць у зоне рызыкі.

Адэля Дубавец, belsat.eu