Ва Украіне навучыліся кампаставаць адходы са школьнай сталоўкі


«Кампост» плюс «Школа» атрымліваецца «Кампола». У экалагічным праекце пад такой назваю сёлета ва Украіне ўдзельнічаюць больш за 230 установаў адукацыі. А пачыналася ўсё тры гады таму, калі двое навучэнцаў адной са школаў Кіева пачалі кампаставаць адходы са школьнай сталоўкі.

«Ніхто тады не займаўся арганічнымі адходамі ва Украіне, ніхто не кампаставаў цэнтралізавана. Таму мы вырашылі, што калі, па-першае, гэтая вобласць нікім не занятая, і, па-другое, яе лёгка кампаставаць, то варта паспрабаваць падлучыцца да гэтай вобласці і нешта зрабіць» – кажа стваральнік праекту Мікіта Шульга.

Дзякуючы адной з краўдфандынгавых платформаў вучні сабралі грошы на першы кампосцер. Да ініцыятывы далучылася яшчэ некалькі школаў. Неўзабаве праект перамог на конкурсе і атрымаў грант 5 тысяч долараў. На гэтыя грошы закупілі 24 кампосцеры.

«Экалагічныя праблемы не разглядаліся як досыць важныя. Гэта азначае, што ў нас была магчымасць паказаць, што гэта сапраўды важна. Калі б мы распрацавалі яшчэ адзін рабатызаваны або інжынерны праект, людзі, верагодна, не падтрымалі б нас. Я лічу, што такія рэчы менш неабходныя, чым клопат пра навакольнае асяроддзе», – мяркуе стваральніца праекту Сафія-Крысціна Барысюк.

Кампаставанне – адзін са спосабаў утылізацыі арганічных адходаў, які вынікае з прынцыпу раздзельнага збору смецця.

«Ёсць некалькі прынцыпаў разумнага спажывання, і важней – адмовіцца, але сартаванне – гэта якраз такі пераходны этап. Гэта калі чалавек звяртае ўвагу, колькі ён наагул у прынцыпе купляе, што з гэтага можна адсартаваць і што, на жаль, сартаванню не падлягае», – кажа кансультантка аб сартаванні смецця Наталля Лук’янец.

Чаму ж важнае кампаставанне? Трапляючы на смеццевы палігон, бытавыя адходы, разам з астатнім смеццем, закопваюцца. Гэта спрыяльнае асяроддзе для стварэння парніковых газаў. Пры кампаставанні можна пазбегчы небяспечных наступстваў для навакольнага асяроддзя.

«Украіна багатая чарназёмам, і гэта вельмі добра, таму што гэта вельмі ўрадлівая зямля. Але калі мы будзем скідаць арганічныя і іншыя адходы на звалкі, мы будзем псаваць глебу, а не ўзбагачаць яе», – кажа Сафія-Крысніца Барысюк.

Кампаставанне – не толькі спосаб дапамагчы навакольнаму асяроддзю. У выніку гэтага працэсу ствараецца якаснае арганічнае ўгнаенне, якое выкарыстоўваюць у сельскай гаспадарцы. Але Мікіта і Сафія-Крысціна займаюцца праектам «Кампола» не для таго, каб зарабіць. Яны называюць праект сваёй місіяй. І хочуць навучыць маладое пакаленне правільна сартаваць адходы.

Дар’я Чульцова belsat.eu