Ва ўдзельнікаў мітынгаў арыштоўваюць маёмасць

Жыхар Магілёва Андрэй Драздоў 12-га жніўня стаяў на прыпынку і чакаў аўтобус. Там яго і затрымаў АМАП. Пры збіцці ў РАУСе Андрэю парвалі куртку. Пасля ўсяго ён застаўся вінным дзяржаве 10 базавых велічыняў штрафу – нібыта за ўдзел у мірным мітынгу…

«Я ўваходжу праз тэлефон у свой інтэрнэт-банкінг, гляджу, а ў мяне там мінус амаль 300, я не зразумеў. Я пазваніў у банк, аператар спраўдзіў інфармацыю і патлумачыў, што рахунак заблакаваны аддзелам прымусовага выканання», – кажа Андрэй Драздоў.

Сапраўды, судовыя выканаўцы пасля ўступлення выраку ў сілу маюць права пачаць спагнанне. Але на наступны дзень пасля блакавання рахунка яны прыйшлі, каб арыштаваць яшчэ тэлефон і ноўтбук, якія паводле мужчыны, яму не належаць. Выканаўцы пастанавілі паскорыцца са сплатай штрафу, бо пасля 21 кастрычніка «маёмасць будзе перададзена на рэалізацыю».

«Паводзілі сябе наагул вельмі не добра, па-першае, зайшлі не грукаючы, не пазванілі, нічога, як да сябе дадому. Я сядзеў на кухні, паліў. Намагаліся мне пагражаць: што ты хочаш, на ІЧУ пракаціцца? Калі ласка, кажу, калі вам ад гэтага лягчэй будзе», – узгадвае Андрэй Драздоў.

Сплаціць 10 базавых самастойна Андрэй не можа. Мужчына атрымлівае пенсію паводле інваліднасці 86 рублёў, і заробак – 60 рублёў. Сацыяльная дзяржава не ўлічыла складанага становішча і не прапанавала нават растэрміноўкі ў аплаце штрафу.

«Проста цяпер, чаму гэта ўсё так рэзка адбываецца, – таму што дзяржаве відавочна не хапае грошай, у дзяржавы няма часу, каб чакаць, пакуль чалавек усё заплаціць», – каментуе праваабаронца «Магілёўскай Вясны» Алесь Райкан.

Колькасць людзей, якіх аштрафавалі за ўдзел у мірных мітынгах, штодня расце. Толькі ў сталіцы такое пакаранне атрымалі больш за тысячу чалавек. Каб перадухіліць праблемы са спагнаннем грошай, міліцыя прыдумала наступную схему.

«Мне сказалі, што трэба аддаць які-небудзь тэлефон, бо свайго тэлефона я з сабой не ўзяла. Міліцыя настаяла, што яны адвязуць мяне дадому, каб я ім дала хоць які-небудзь тэлефон, бо ім патрэбна было яго арыштаваць. Яны склалі акт», – распавядае Крысціна Безуматава пасля наведвання мясцовага РАУС.

Цяпер міліцыя арыштоўвае маёмасць адразу пасля складання пратаколу. Хоць за ўдзел у мітынгу суд можа даць не толькі штраф, а напрыклад, содні, ці папярэджанне.

«Я разумею, што гэта на самой справе такі маразм, і так гэта ўсё і смешна і непрыемна, з аднаго боку. І з тэлефонам гэта сітуацыя дурная, ну я на месцы разгубілася, і так яно і атрымалася», – кажа Крысціна Безуматава.

Без тэлефона чалавек страчвае хуткі доступ да тэлеграм-каналаў, нагадваюць праваабаронцы.

«Калі міліцыянты нават вось так робяць, то гэта відавочна, што ёсць загад усіх гэтых палітычных, якія праходзяць у справах за несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы, менавіта караць такімі перадсудовымі прэвентыўнымі мерамі», – каментуе Алесь Райкан.

Калі ў аддзеле міліцыі ў вас арыштоўваюць тэлефон, патрабуйце адпаведныя дакументы на рукі. У такім выпадку будзе прасцей вярнуць тэхніку.

Вольга Васільева, «Белсат»

Глядзі таксама