Узяў у закладніцы цяжарную дачку – загінуў ад рук міліцыі


У Міністэрства ўнутраных справаў сумневаў няма, там заяўляюць, што падставаў для ліквідацыі нападніка было больш, чым дастаткова. Шараговыя грамадзяне, і эксперты спрабуюць зразумець, ці была магчымасць спыніць крызісную сітуацыю без забітых.

Усё адбылося ў адным з банкаў мястэчка Заслаўе пад Менскам. Паводле медыяў, 46-гадовы мясцовы жыхар схапіў сваю дачку, калі дзяўчына прыйшла браць крэдыт для сужыцеля. Унутрысямейны матыў пацвердзілі і ў Следчым камітэце.

«Я б не сказаў, што ён быў ужо такі агрэсіўны. Відаць, нешта прыпякло на душы, калі такое здзейсніў», – кажа мясцовы жыхар Андрэй, які ведаў забітага.

Як падае МУС, праваахоўнікі да апошняга спрабавалі мірна развязаць сітуацыю ды ўгаварыць мужчыну здацца. Але той, нібыта, паводзіўся агрэсіўна ды пагражаў дачцэ. Улічваючы імаверную цяжарнасць закладніцы ды тое, што нападнік некалькі разоў быў пад судом за цяжкія злачынствы, супрацоўнікам «Алмазу» аддалі загад на ліквідацыю.

«Супрацоўнікі, якія вялі перамовы, будуць дапытаныя, яны ўсё падрабязна выкладуць. Ёсць відэазапіс усяго працэсу», – заявіў міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч.

Менавіта Шуневіч і кіраваў спецаперацыяй. Некаторыя эксперты мяркуюць, што асабістай прысутнасцю міністр хацеў узняць свой рэйтынг. Маўляў, асоба такога маштабу на месцы спецаперацыі стварала дадатковы псіхалагічны ціск ды магла паўплываць на канчатковае рашэнне.

«Канечне, наўпростава гэта ўплывае. Але сказаць, што калі б там быў не Шуневіч, а, умоўна кажучы, нейкі іншы чалавек, гэта неяк прынцыпова паўплывала б ці змяніла б вынік таго, што адбылося, вельмі цяжка, бо мы ведаем занадта мала», – лічыць кіраўнік аналітычнага праекту «Belarus Security Blog» Андрэй Паротнікаў.

Пра тое, што афіцыйнай інфармацыі замала, кажа і падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Казлоў. Паводле яго, міліцыянты ні ў якім разе не прызнаюць віны, бо міністру адразу ж прыйдзецца сысці ў адстаўку.

«Мне падалося дзіўным, што Шуневіч абсалютна нічога не сказаў пра тыя патрабаванні, якія выстаўляў гэты злачынца. Можа, варта было выканаць патрабаванні? – кажа падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Казлоў. – Трэба было зрабіць усё, каб ён застаўся жывы».

Да таго ж, застаецца незразумелым, навошта было браць у закладнікі ўласную дачку, ці быў матыў і ці можна было не страляць. Кропку ў справе пасля дзясяткаў экспертызаў, апытання сведкаў і прагляду запісаў з камераў відэаназірання мае паставіць Следчы камітэт.

Летась інтэрнэт абляцела відэа з тайскім паліцыянтам, які з дапамогаю ўгавораў здолеў абясшкодзіць нервовага мужчыну з нажом у пастарунку. Вядома, і краіна іншая, і сітуацыі розныя, але гэта – узорны прыклад простай ды паспяховай спецаперацыі, які наглядна паказвае: замест цэлага атраду з аўтаматамі часамі дастаткова і аднаго добрага перамоўніка.

«Заўжды трэба імкнуцца да прыняцца такога рашэння, пры якім не будзе нанесеная шкода ані нападніку, ані закладнікам. Пакуль злачынца не забівае, не раніць закладнікаў і з ім падтрымліваецца кантакт, перамовы мусяць весціся да пераможнага канца», – кажа Анджэй Мрочэк, эксперт Цэнтру тэрарыстычных даследаванняў Калегіуму Цывітас.

Прынамсі, гэтак робіцца на Захадзе. У нас жа найлепшы спосаб папярэдзіць забойства – гэта знішчыць меркаванага забойцу. Менавіта так гучыць асноўны прынцып антытэрарыстычных аперацыяў. Вось толькі які ж гэта быў тэракт? Нападнік ужо не скажа.

Сцяпан Святлоў