Узрушаны Мясніковіч кленчыў у памяць ахвяраў 1946-га і гаварыў па-беларуску


Старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч апошні дзень афіцыйнага візіту ў Польшчу правёў на Падляшшы, дзе ўсклаў кветкі да крыжа ў памяць беларусаў, забітых польскім узброеным падполлем. Раней у Варшаве Мясніковіч сустракаўся з кіраўнікамі Польшчы.

Невялікія Заляшаны на Беласточчыне. Гэтую вёску Міхаіл Мясніковіч наведаў у апошні дзень свайго візіту ў Польшчу. Міхаіл Мясніковіч, старшыня Рады Рэспублікі:

«Сёння план дня быў узгоднены. Я прыехаў сюды, каб укленчыць перад тымі ахвярамі, якія бязвінна загінулі ў гэтым агні».

73 гады таму ад рук атраду польскага ўзброенага падполля пад кіраўніцтвам Рамуальда Райса на мянушку Буры тут загінулі 16 праваслаўных сялянаў беларускай нацыянальнасці, у тым ліку сямёра дзяцей. Агулам рэйд Бурага па вёсках Беласточчыны забраў жыцці ў некалькіх дзясяткаў мясцовых беларусаў. Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы прызнаў падзею 46-га года злачынствам з прыкметамі генацыду.

«Я там гарэла, я ў тым агні была. Мне было сем гадоў, але я ўсё помню», – кажа жыхарка Заляшанаў.

Увечары старшыня Савету Рэспублікі сустрэўся з прадстаўнікамі беларускай меншасці ў Беластоку. Візіт на Падляшша – гэта завяршальны пункт паездкі беларускай дэлегацыі ў Польшчу. Раней Мясніковіч бачыўся з прэзідэнтам Анджэем Дудам, маршалкам Сенату ды кіраўніком і чальцамі польскага ўраду.

Анна Мар‘я Дынэр, кіраўніца праграмы «Усходняя Еўропа»:

«Гэтыя палітычныя кантакты сярэдняга і вышэйшага ўзроўню паказваюць важнасць двухбаковых адносінаў, тэхнічную супрацу паміж дзвюма краінамі, намаганні для развіцця добрасуседскіх адносінаў».

Экспертка адзначае, што з 2016-га года польскія ўлады трымаюць курс на пацяпленне на лініі Менск – Варшава. Тым не менш наладзіць нармальныя двухбаковыя стасункі замінае ў першую чаргу пераслед уладамі Беларусі Саюзу палякаў ды іншыя традыцыйныя праблемы беларускага рэжыму.

Анна Мар’я Дынэр, кіраўніца праграмы «Усходняя Еўропа»:

«Свабода прэсы, пытанне правоў чалавека ў Беларусі, якое ўздымае і польскі бок, і Еўрапейскі Звяз. Я думаю, што прадметам размоваў маглі быць канкрэтныя двухбаковыя пытанні, у тым ліку падпісанне Беларуссю і Еўразвязам пагаднення аб лібералізацыі візавага рэжыму і чаканне польскага боку, што афіцыйны Менск дазволіць павялічыць колькасць працаўнікоў польскіх консульстваў у Беларусі».

Падчас афіцыйнага прывітання Мясніковіча сенатары апазіцыйнай польскай партыі «Грамадзянская платформа» пакінулі залу сенату. Яны лічаць, што Польшча не павінная прымаць у парламенце прадстаўніка лукашэнкаўскага рэжыму.

Ганна Мордань, belsat.eu