Узровень судовых рэпрэсіяў расце


Новыя штрафы і суткі за ўдзел у мірных акцыях пратэсту сталі для беларусаў звычайнасцю, а крымінальныя справы ў апошні час – штодзённай практыкай.

Перад пачаткам суда ў Берасці валанцёра «Вясны» адвялі ў асобны пакой, ударылі, прымусілі выдаліць фотаздымкі і адпусцілі. Ён прыйшоў на суд над Міхаілам Шабалюком і Аляксандрам Бабічам, абвінавачванымі ў непадпарадкаванні міліцыянту і ґвалце адносна яго. Паседжанне перанеслі.

«Тыя абвінавачванні, высунутыя супраць хлопцаў, цалкам нерэальныя. Пра хлопцаў, якіх зараз судзяць, магу сказаць, што яны трымаюцца сваёй пазіцыі. Нармальна сябе паводзяць, нікога не здалі, як кажуць. Так, бачна, што супраць іх быў ціск падчас следства», – каментуе грамадскі актывіст Андрэй Шарэнда.

Тым часам менчуку Святаславу Зайцаву прысудзілі два гады абмежавання волі нібыта за супраціў пры затрыманні 17 верасня ў ланцугу салідарнасці. Мужчына хацеў далучыцца да пратэсту з расейскім сцягам, але яго збілі, і з чэрапна-мазгавой траўмай ён трапіў у рэанімацыю.

«Рэпрэсіі растуць і сітуацыя пагаршаецца. Колькасць і крымінальных спраў, і судоў, якія зараз адбываюцца… Фактычна штодня мы маем інфармацыю пра тыя ці іншыя судовыя паседжанні ўжо па разглядзе крымінальных спраў», – лічыць праваабаронца ПЦ «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

Два з паловаю гады абмежавання волі атрымаў Сяргей Міраеўскі са Светлагорску за допіс у тэлеграм-канале «Светлагорск для жыцця». 11 жніўня мужчына заклікаў збірацца каля гандлёвага цэнтру «Бярозка».

На ўчорашнім маршы, паводле «Вясны», затрымалі 157 чалавек. Сёння адбылося каля ста судоў за ўдзел.

«Фактычна ідэнтычныя паказанні ад розных сведкаў, працаўнікоў міліцыі, якія пры дачы паказанняў непасрэдна самой асобай не могуць даслоўна паўтараць паказанняў другое асобы», – распавядае адвакат Менскай калегіі адвакатаў.

На момант падрыхтоўкі матэрыялу вядома, што шэсцьдзесят асобаў атрымалі агулам амаль 900 содняў арышту. Гэтак 15 содняў далі Змітру Сабалеўскаму.

«Чаму ў нас словы сведкі асноўныя даказальныя, а абвінавачванага нават не бяруць пад увагу? То бок атрымліваецца, ты можаш казаць, што мяне там не было, але за цябе вызначылі, што ты там быў», – абураецца жонка Змітра Кацярына.

Адбываць арышт сёння адправілі фатографку «Нашай нівы» Аляксандру Піліповіч-Сушчыц, якая працавала на маршы 15 лістапада. На плошчы Пераменаў тым днём затрымалі і нашых каляжанак Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову. Іх і журналістку TUT.BY Кацярыну Барысевіч прызналі палітвязнямі. За кратамі застаецца і аператар-фрылансер Іван Куракевіч, які мае вызваліцца заўтра.

У Полацку сёння судзілі аднаго з лідараў Свабоднага прафсаюзу Віктара Стукава. За бел-чырвона-белы сцяг на гаўбцы Віктар атрымаў 270 рублёў штрафу.

«Я так і не зразумеў, за што мне прысудзілі штраф. З іхных словаў, я правёў пікет на сваім гаўбцы – масавае мерапрыемства без дазволу гарадскіх уладаў. Я так зразумеў, што цяпер, калі я буду вывешваць бялізну нейкіх такіх фарбаў каляровых, трэба будзе заяву пісаць», – падзяліўся меркаваннем лідар Свабоднага прафсаюзу Віктар Стукаў.

Крымінальную справу распачалі супраць былога амбасадара Беларусі ў Аргентыне Уладзіміра Астапенкі. Вінавацяць у атрыманні амаль дзвюх з паловаю тысяч долараў шляхам злоўжывання паўнамоцтвамі. Раней дыпламат выступіў з крытыкаю ґвалту ў Беларусі і звольніўся з Міністэрства замежных справаў.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»