«Не ведаю, як гэтыя людзі засынаюць па начах». Як судзілі 27 студзеня


Яшчэ 31 асобу праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі. Сярод іх – Віктар Барушка. Яго білі, катавалі, а сёння прысудзілі 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Бізнесовец сваёй віны не прызнаў. Але бываюць выпадкі, калі падсудныя прызнаюць сябе вінаватымі, каб атрымаць лагаднейшае пакаранне.

32-гадовага менчука, бізнесоўца Віктара Барушку ў суд даставілі пад канвоем, у залі – замкнулі ў клетцы і прысудзілі да 5 гадоў зняволення ў найгоршых умовах. Прысутныя скандавалі «Ганьба суду! Калі мы парадак парушаем, то вы – закон!»

Віктара Барушку абвінавацілі ў нанясенні цяжкіх цялесных пашкоджанняў супрацоўніку АМАП. Жонка асуджанага Наталля, не стрымала слёз:«Я не ведаю, што сказаць. У нашай краіне цяпер не працуюць заканадаўчыя структуры, на вялікі жаль… Мы будзем змагацца Віця, мы з табой! Будзем абскарджваць да апошняга!» – заявіла жанчына.

Сёння «Белсат» атрымаў відэа затрымання з 18-га кастрычніка 2020 года. Пасля пратэстнага маршу Віктар уцякаў ад сілавікоў. Калі яго збілі з ног – паваліўся разам з байцом АМАПу, які зламаў нагу пры падзенні. Гэта і кваліфікавалі, як цяжкое цялеснае пашкоджанне. Тое, што Віктар пасля затрымання быў закатаваны сілавікамі да 12 дзён у рэанімацыі – суд пад увагу не ўзяў.

Пацярпелы амапавец (ужо традыцыйна) сведчыў пад псеўданімам.

«Не ведаю, як гэтыя людзі засынаюць па начах. Атрымаў 5 гадоў за тое, што яго штурхнулі, збілі і за тое, што ён ледзь калекаю не застаўся!» – абураецца суседка асуджанага. Віны сваёй мужчына не прызнаў, ведаючы, што праз гэта атрымае большы тэрмін.

А ў Жлобіне 27 студзеня судзілі дваіх маладзёнаў – Яўгена Каханоўскага і Дзмітрыя Гопта, якія першапачаткова віну прызнавалі. Абвінавачанні – «Арганізацыя масавых беспарадкаў» і «Гвалт у дачыненні міліцыянта».

Згодна з апублікаваным супрацоўнікамі ўнутраных справаў відэа, удзельнікі пратэстаў 9 і 10 жніўня ў Жлобіне кідалі камяні і ў шчыты сілавікоў і аўтазакі.

У тым жа відэа – допыт Яўгена Каханоўскага, у якасці ўдзельніка гэтых падзеяў.

– Якія супрацьпраўныя дзеянні ты, Яўген, ажыццяўляў?

– Атрымліваецца, кідаліся камянямі, шумелі і крычалі.

– А ў каго вы камянямі кідалі?

– У супрацоўнікаў, атрымліваецца, міліцыі. Так рабіць нельга, гэта вельмі дрэнна, – кажа сам ці чытае хлопец на ўжо размытай выяве.

Відэа адразу ж падхапіла і дзяржаўнае тэлебачанне. «Белсат» паразмаўляў з адвакатам Яўгена Сяргеем Красновым.

«Пасля гэтага відэа ён паведаміў, што на яго аказвалі ціск. І адзін з дзён удзелу не пацвердзіўся, бо гэтага дня мой падабаронны нават не знаходзіўся ў горадзе», – сказаў у абарону абвінавачанага.

Агаварыў сябе і другі фігурант – Дзмітрый Гопта, цвердзіць ягоная маці Вольга і падкрэслівае: «У сына ёсць псіхіятрычнае захворванне. Калі ён спалохаецца, можа сказаць усё што заўгодна. Але ж…. дзявятага жніўня мы разам хадзілі на выбары і пасля іх ён быў дома. Дзясятага жніўня ўвечары я яго адпусціла, мела выходны дзень… Але пасля 22-ой гадзіны 10-га і 11-га жніўня сын быў ужо дома».

Вырак – яшчэ наперадзе. А ў Магілёве – ужо «па справе» спадара Аляксея Барысава. У суд Ленінскага раёну Магілёва мужчына прыходзіў з турэмнаю торбай. Напярэдадні яго звольнілі з працы праз ціск міліцыі, а цяпер – далі штраф у памеры Br 945 за бел-чырвона-белы сцяг з Пагоняю на ягоным гаўбцы.

«Герб Пагоня – гэта гісторыка-культурная каштоўнасць, адпаведна замацаваная ў Беларусі і яна забароненым сімвалам не з’яўляецца. Я, шчыра кажучы, меркаваў, што мяне на содні пасадзяць», – дадае Аляксей.

У Берасці ў гэты дзень працягваўся працэс над дзесяццю асобамі, якіх вінавацяць у арганізацыі і грубым парушэнні грамадскага парадку 13-га верасня ў цэнтры гораду. Нібыта пратэстоўцы нанеслі шкоду працы прадпрыемстваў і арганізацыяў. Адзін з фігурантаў – Вадзім Варановіч, разводзіць рукамі:

«Калі людзі скандуюць у святочнай атмасферы – гэта можна разглядаць, як флэш-моб і не болей за тое. Калі казаць у прыватнасці пра мяне, якому інкрымінуюць актыўны ўдзел, то маю бяздзейнасць актыўнасцю не назавеш».

Падобным чынам да адказнасці паводле гэтай справы прыцягваюць 50 асобаў. Гэта прыкладна дзясятая частка ўдзельнікаў пратэстаў у той дзень.

Юлія Цяльпук, «Белсат»